Фота: Politzek.me
За вывешаныя ў 2022 годзе сцягі – бела-чырвона-белы і сцяг Украіны – Кацярыну Зарэцкую прысудзілі да 5 гадоў калоніі. Дэпартаваная спачатку ва Ўкраіну, а потым у Польшчу, Каця сутыкнулася з наступствамі цяжкай працы ў калоніі – грыжамі і пратрузіяй пазваночніка. Ёй патрэбная дапамога на курс рэабілітацыі, каб захаваць здароўе і магчымасць працаваць.
Верасень 2022 года. У Мінску на фасадзе шматпавярховага дома з’яўляюцца два сцягі – нацыянальны бела-чырвона-белы і сцяг Украіны. Для сілавікоў гэта становіцца сігналам да жорсткіх рэпрэсій. Кацярыну Зарэцкую затрымліваюць разам з мужам.
Тое, што пачыналася як абвінавачанне ў «хуліганстве», рэжым хутка ператварыў у найцяжэйшы артыкул: зносіны актывістаў у аплікацыі Zello абвясцілі «экстрэмісцкім фарміраваннем». Вынік – жорсткі прысуд: 5 гадоў калоніі агульнага рэжыму.
Кацярына прайшла праз усё пекла беларускай турэмнай сістэмы: Жодзіна, СІЗА-1 на Валадарцы, закрытыя суды і жаночую калонію ПК-4. У кастрычніку 2023 года яе імя ўнеслі ў «спіс экстрэмістаў». За гэтымі сухімі радкамі праваабарончых справаздач – месяцы ізаляцыі, разлука з блізкімі, ціск і штодзённая барацьба за захаванне уласнай годнасці.
У снежні 2025 года Кацярыну ў ліку іншых палітзняволеных вызвалілі і адразу ж дэпартавалі на тэрыторыю Украіны. Пазней яна апынулася ў Польшчы, дзе і спрабуе адаптавацца і да жыцця на свабодзе, і да жыцця ў новай чужой краіне.
Каця правяла ў зняволенні 1197 дзён, якія абыйшліся ёй дарагой цаной не толькі псіхалагічна. Ужо на свабодзе высветлілася: гады цяжкай працы ў калоніі пакінулі сур’ёзны след на здароўі – грыжы і пратрузія пазваночніка. Дактары забаранілі ёй фізічна цяжкую працу, якой яна падпрацоўвала (петсітынг, прыбіранне), а значыць, і без таго яе невялікі даход цяпер пад пытаннем. Пры гэтым медыцынская праграма дапамогі былым палітзняволеным не пакрывае патрэбную суму на лячэнне – Каці неабходны дарагі курс рэабілітацыі. Гэты курс – яе надзея застацца на нагах і пазбегнуць аперацыі на пазваночніку.
Калі яна выздаравее, Каця марыць стаць на ногі фінансава і завесці сабаку.
Падтрымайце Кацярыну ў яе вяртанні да здаровага і свабоднага жыцця.
Спасылка на інтэрв’ю для Politzek.me.
Сума збору
€3000
€1800 – курс рэабілітацыі пры грыжах і пратрузіі пазваночніка (тое, што не пакрывае медыцынская праграма)
€700 – арэнда жылля на перыяд лячэння і аднаўлення, пакуль Каця не можа працаваць фізічна
€500 – базавыя патрэбы на перыяд, калі праца абмежаваная па стане здароўя
