Мяне завуць Кацярына Мірзоева. Я з Полацка, але пасля падзей 2020 года прыйшлося з’ехаць з Беларусі. Пяты год, з вясны 2021-га, жыву ў Польшчы, у Познані. Не люблю скардзіцца, але зараз такая сітуацыя, калі мне вельмі патрэбна падтрымка, каб перажыць аднаўленне пасля інфаркту.
У 2020 годзе я была ў ініцыятыўнай групе Святланы Ціханоўскай, бо хацела выкарыстаць магчымасць данесці да людзей свае думкі. У Беларусі жыла небагата, але бачыла, што многія жывуць вельмі дрэнна, таму вырашыла для сябе, што буду казаць за тых, каму горш, чым мне. Ніколі не заклікала да звяржэння ўлады і гвалту, але адкрыта казала, што на пенсію пражыць немагчыма: ездзіла на мітынгі і сустрэчы ў Віцебскай вобласці, удзельнічала ў перадвыбарчай кампаніі, дапамагала, як магла.
Калі сталі затрымліваць людзей, пачала збіраць перадачы, адвозіла іх у ІЧУ, збірала прадуктовыя пакеты для сем'яў затрыманых. Унутры быў такі «рухавічок»: жыла на адрэналіне. Спала па тры-чатыры гадзіны, увесь час была занятая, каб дапамагчы хлопцам і дзяўчатам у зняволенні, быць карыснай. Потым пачаліся «гутаркі» з сілавікамі, падвышаная цікавасць.
Я працягвала казаць і пісаць, а мне пачалі паступаць пагрозы. Не буду распісваць лішняе, але сэнс быў просты – «закрый рот»! За сябе не баялася, мне тады ўжо было за 60, але разумела, што нас, усіх актыўных, не пакінуць у спакоі.
На пачатку 2021 года «сарока на хвасце прынесла», што, калі не з’еду, вялікая рызыка арэшту. 19 лютага 2021 года выляцела з Мінска ў Кіеў. Тады здавалася, што трэба пераседзець пару месяцаў і можна вяртацца дадому. Не атрымалася.
Потым пераехала ў Польшчу і падалася на міжнародную абарону. Цяжка было не таму, што ўсё прыйшлося пачынаць з нуля, а душыла крыўда: усё жыццё адпрацавала ў сваёй краіне, нічога дрэннага не зрабіла, а гэтая ўлада вымусіла з’ехаць. Але крыўдай нічога не зменіш. Вывучыла мову, уладкавалася працаваць няняй. Праца цяжкая, але па-чалавечы добрая, хоць і ўставала рана, ехала праз увесь горад, працавала па восем гадзін, часам больш. І спраўлялася. Я па жыцці не баюся працы: працавала няняй, была сядзелкай, пякла кулінарныя вырабы, працавала на зямлі, усё цягнула сама.
Але жыць і працаваць як раней не дае здароўе. Першы інфаркт быў яшчэ ў 2009 годзе. У 2022 годзе – падазрэнне на другі інфаркт, тады патрапіла ў бальніцу. А 5 студзеня гэтага года здарыўся другі інфаркт. Пасля яго ўжо не магу працаваць фізічна, як раней. Слабасць, абмежаванні: нельга падымаць цяжкае, рабіць рэзкіх рухаў. Самае простае становіцца праблемай. Кубак нават не магу ўзяць – падае з рук. Зараз я вельмі шмат працую над сваім аднаўленнем: раблю практыкаванні, строга выконваю ўсе рэкамендацыі лекараў, але хутка гэта не адбываецца.
Зараз галоўная праблема – гэта жыллё. Студзень і люты жыву ў доўг. Пашанцавала, што гаспадары кватэры добрыя людзі: не выганяюць і чакаюць, але доўг расце. Не прашу «на прыгожае жыццё», – трэба закрыць фінансавую яму пасля інфаркту: аплаціць арэнду, лекі і звычайныя выдаткі, пакуль не аднаўлюся настолькі, каб зноў зарабляць.
Выплату пенсіі з Беларусі, якую спрабую аформіць, – гэта доўгая бюракратыя, не «сёння на заўтра». А жыць трэба зараз. І зараз проста няма чым плаціць за жыллё. Таму прашу падтрымаць мяне. Як толькі стане крыху лепш, змагу зноў працаваць і забяспечваць сябе сама. Але трэба перажыць момант, калі здароўе падвяло, а арэнду і жыццё ніхто не адмяніў.
Сума збору
€3000
€1700 – арэнда жылля. Доўг за зіму і яшчэ на некалькі месяцаў наперад.
€1300 – лекі і прадукты харчавання, пакуль я аднаўляюся.
