Дапамога былому палітвязню адаптавацца ў Польшчы пасля эвакуацыі з Беларусі

  • Гісторыя

Добры дзень!
Мяне завуць Ягор Яўстратаў.

2020 год пакінуў у маёй памяці, нягледзячы на ўсё, станоўчыя эмоцыі. Гэта ўспаміны і аб дваровых чатах, і аб вячэрніх суседскіх спатканнях на гарбату, флэшмобах, шматтысячных маршах, і аб моцнай плыні народнага самавыяўлення, бчб-сцягах на майках, у вокнах і наогул паўсюль – неверагоднае адчуванне надзвычайнага ўзроўню салідарнасці беларусаў. Я з задавальненнем удзельнічаў ва ўсіх магчымых мерапрыемствах, вёў дваровы чат і арганізоўваў сход суседзяў. І, канешне, мы ўсе верылі, што час перамен настаў, і быць у баку ў такі момант – недапушчальна!

Калі стала вядома пра зверствы на Акрэсціна, праз якія праходзілі людзі, мы са знаёмымі вырашылі даць сіметрычны адказ. Вырашылі, што сапсаваўшы асабісты аўтамабіль супрацоўніка МУС, мы пакажам, што так абыходзіцца з людзьмі нельга.

Але на месцы нашай акцыі нас у засадзе чакала група захопу. Яны ведалі аб нашых планах з чата, дзе мы ўсё абмяркоўвалі. Таму, як толькі мы пачалі псаваць машыну, яны выскачылі з кустоў і нас арыштавалі.

Пры затрыманні мяне паранілі гумовым шротам. Затым закавалі ў кайданкі, паклалі на зямлю і некалькі гадзін збівалі. Распылялі ў твар слёзатачывы газ, білі электрашокерам. У шпіталь я трапіў толькі на наступныя суткі, таму што лекары хуткай дапамогі настаялі на маёй шпіталізацыі.

Далей пачаліся мае пакуты па СІЗА, а ў лютым 2021 года адбыўся суд, які прызначыў мне 3 гады і 2 месяцы пазбаўлення волі за хуліганства. У дадатак да гэтага я атрымаў яшчэ і статус «экстрэміста», які моцна ўскладніў мне жыццё ў калоніі – мяне пазбавілі званкоў і спатканняў са сваякамі, рэгулярна давалі суткі ў ШІЗА. А затым і ўвогуле перавялі на турэмны рэжым.

Штрафны ізалятар (карцэр) у беларускай турме – памяшканне, куды могуць змяшчацца зняволеныя за розныя парушэнні турэмнага рэжыму. Гэта адзіная форма пакарання ў турме, якая прымяняецца да тых, хто парушае дысцыпліну або правілы, устаноўленыя адміністрацыяй.
Заўвага BYSOL

Судовая і турэмная сістэма мяне спачатку шакавалі, я ні з чым падобным раней не сутыкаўся. Потым мяне перапоўніла супярэчлівымі пачуццямі лютасці і бяссілля. У гэтай судова-турэмнай сістэме на любым узроўні правы палітвязняў парушаюцца на кожным кроку, а апеляцыі і скаргі ігнаруюцца.

Прывяду прыклад: на вывучэнне матэрыялаў справы перад судом мне далі два дні. Справа складалася з дзясятка тамоў па 400 старонак у кожным. Я запатрабаваў месяц на вывучэнне справы і меў на гэта права. Следчая адрэагавала на мой запыт такім чынам: напісала запіску, што я адмовіўся ад вывучэння матэрыялаў справы, а за скаргу пакарала забаронай спаткання са сваякамі. Суд на мае скаргі ў адносінах да дзеянняў следчай не адрэагаваў. У калоніі справы былі яшчэ горш. Там панавала абсалютная самаўпраўнасць начальніка, які выхваляўся, што яму сабаку складаней спісаць з уліку, чым зняволенага.

Калі я выйшаў з калоніі, не доўга думаў, што мне рабіць далей. Ілюзій я не меў. У 2020 годзе мае тэлефон і кампутар пры затрыманні былі канфіскаваныя, і ўсіх фота/відэаматэрыялаў адтуль хопіць яшчэ на некалькі крымінальных спраў для мяне. Я не чакаў паўторнага затрымання, новых катаванняў і чарговых гадоў у калоніі, і выехаў з краіны.

Цяпер я знаходжуся ў бяспецы, аднак без грошай і рэчаў, і вымушаны пачынаць усё нанова. Працаваць у дадзены момант я не маю права, паколькі праходжу працэдуру атрымання міжнароднай абароны. Атрымаўшы дакументы, я планую не толькі працаваць, але і асвоіць новую спецыяльнасць, вывучыць мову. Каб адаптавацца ў новай краіне і пачаць зарабляць.

Я яшчэ тут у Польшчы не займеў сяброў і знаёмых. Але раптам падумаў, што пэўна я не магу лічыць сябе самотным пасля 2020 года? Магчыма салідарнасць беларусаў яшчэ засталася?! У пэўным сэнсе мы ўсе сталі сябрамі ў той час, калі разам пратэставалі супраць бяспраўя і фальсіфікацыі выбараў. Таму я знайшоў у сабе смеласць звярнуцца да сваіх аднадумцаў за дапамогай. Буду ўдзячны за кожны ўнёсак! 

Сума збора

€3000

€900 – набыццё ноўтбука для вучобы і працы 
€1300 – арэнда жытла (прыкладна на 3 месяцы)
€400 – харчаванне
€400 – прадметы першай неабходнасці, адзенне і абутак па сезоне і інш.

:
€ 3 000
Збор завершаны. Сабрана: € 3 000