Мяне завуць Фёдараў Андрэй. Раней я жыў у Менску, працаваў дырэктарам дылерскага цэнтра БЕЛАЗ.
У 2020 годзе я браў удзел у мірных мітынгах. Калі сілавікі пачалі гвалт у дачыненні да грамадзян, я дапамагаў пацярпелым як мог. Акрамя гэтага, на эмоцыях пісаў шмат каментароў у сацсетках. Калі рэпрэсіі ўзмацніліся, а пратэсты скончыліся, я выдаліў свой акаўнт у Тэлеграм у мэтах бяспекі.
Але гэта не дапамагло. Мяне вылічылі, і ў жніўні 2023 года я быў затрыманы супрацоўнікамі ГУБАЗіК, пра што нават пісалі СМІ (напрыклад, «Наша ніва»). За некалькі месяцаў я прайшоў праз збіццё і катаванні, адседзеў у ЦІП, ІЧУ, у турме Жодзіна і на Валадарцы. У кастрычніку 2023 года мяне асудзілі на 3 гады «хатняй хіміі»*. Інспектар і яго кіраўніцтва ўвесь час шантажавалі мяне, лавілі на парушэннях і пагражалі, што зменяць мне прысуд і адправяць у калонію.
У гэты ж час мяне звольнілі з працы. Мая жонка стала адзінай апорай для мяне. Пакуль я знаходзіўся ў зняволенні да суда і на «хатняй хіміі», яна падтрымлівала ня толькі мяне, але і маю маму, усяляк дапамагала ёй. Толькі дзякуючы дапамозе і падтрымцы жонкі я ўсё гэта перажыў.
На «хатняй хіміі» акрамя нечаканых праверак, мяне рэгулярна выклікалі ў Фрунзенскі РУУС па розных фармальных прычынах, каб распытаць пра мае погляды на палітычную сітуацыю ў краіне і тп.
Але аднойчы ў аддзел выклікалі маю жонку. Ёй спачатку задавалі пытанні пра мяне, мае планы і погляды, а потым пераключыліся на яе саму: распытвалі пра 2020 год, яе ўдзел у маршах, пра донаты і папярэдзілі, каб яна не выязджала за межы краіны. Для мяне гэта стала апошняй кропляй. Я не мог дазволіць, каб зараз і яна прайшла турму і знявагі, і прыняў рашэнне бегчы ўсёй сям'ёй.
Спачатку я эвакуяваў жонку, потым сабаку і толькі потым выбраўся сам. Наш сабака Одзі, нягледзячы на свой грозны выгляд, вельмі добры і ласкавы. Эвакуацыю ён перанёс цяжка, для Одзі гэта быў вялікі стрэс. Цяпер сабака баіцца выходзіць на вуліцу, і мы з ім паціху, крок за крокам зноўку вучымся выходзіць гуляць.
Мы з жонкай падаліся на міжнародную абарону, але разгляд нашай справы будзе працягвацца доўга. Нашы зберажэнні скончыліся і пакуль у нас з жонкай няма дазволу на афіцыйную працу, не застаецца грошай нават на базавыя рэчы – жыллё і харчаванне. Каб знайсці хоць нейкую падпрацоўку і адаптавацца хутчэй у чужой краіне, нам з жонкай трэба вучыць польскую мову. Але на гэта таксама патрэбныя грошы.
Я прашу дапамагчы нам на першы час, каб мы маглі аплаціць жыллё і харчаванне для нас і нашага гадаванца. Адаптавацца ў чужой краіне няпроста, і мы можам разлічваць толькі на салідарнасць добрых людей.
*«Хатняя хімія» – гэта від пакарання, калі асуджаны застаецца на волі, але з абмежаваннямі. У асуджанага ёсць графік як для працы, так і для асабістых спраў, у тым ліку паход у краму або выкід смецця. З праверкай міліцыянеры могуць прыходзіць кожны дзень і ў любы час. Заўвага BYSOL
Сума збору
€3850
€2250 – кватэра + камуналка на 3 месяцы (кватэра 600, камуналка 150)
€900 – харчаванне на 3 месяцы для нас і нашага сабакі
€700 – курсы польскай мовы для мяне і жонкі на першы час