Вяртацца добраахвотніку да мірнага жыцця – не менш цяжкая задача, чым звычайная баявая. Беларусу патрэбна дапамога, каб прайсці абследаванне, рэабілітацыю і пачаць жыццё з нуля.
Я – беларускі добраахвотнік. Служыў у шэрагах Палка Кастуся Каліноўскага ў складзе Узброеных сіл Украіны. Па меркаваннях бяспекі не называю сваё імя і пазыўны (дакументы добраахвотніка пацверджаны BYSOL).
У 2020 годзе пасля ўдзелу ў мірных пратэстах на вуліцах свайго горада я спачатку страціў працу, а пазней, баючыся пераследу, быў вымушаны пакінуць краіну.
Калі пачалося поўнамаштабнае ўварванне Расіі ва Украіну, для мяне не стаяла пытанне, што рабіць. Гэта было не імпульсіўнае рашэнне, а свядомы выбар змагацца за свабоду.
З чэрвеня 2023 года я служыў на розных кірунках – ад Бахмута да Харкава. Працаваў у медыцынскім падраздзяленні: эвакуацыі параненых, забеспячэнні байцоў. Пазней выконваў задачы ў баявых і разведвальных падраздзяленнях. Я бачыў разбураныя гарады – Бахмут, Купянск. Бачыў, як хутка мяняецца жыццё чалавека на вайне і наколькі яно крохкае. У студзені 2025 года на Запарожскім напрамку пасля цяжкіх падзей і гібелі пабрацімаў я прыняў рашэнне, якое далося мне нялёгка. І ў ліпені таго ж года я ўсё ж такі пакінуў фронт.
Але часам смеласць – гэта не толькі ісці ў бой. Смеласць гэта таксама прызнаць, што табе трэба лячэнне і аднаўленне. Пастаянныя нагрузкі, маршы, работа ў брані і на пазіцыях не прайшлі бясследна. Каб псіхалагічна аднавіцца пасля перажытага, таксама патрэбны час і медыцынская дапамога. Я ні пра што не шкадую, але здаецца вычарпаў сябе за гэтыя гады на полі бою.
Цяпер я знаходжуся ў Еўропе і пачынаю жыццё нанова. Афармляю дакументы, шукаю працу, праходжу адаптацыю. Мне патрэбна абследаванне, лячэнне і рэабілітацыя. Пасля службы ў мяне дыягнаставаны: захворванні каленных суставаў, болі і парушэнні ў спіне, праблемы з тазасцегнавымі суставамі, парушэнні сну і трывожнасць, неабходнасць сур'ёзнага стаматалагічнага лячэння.
Я прашу часовай падтрымкі, каб аднавіць здароўе і вярнуцца да паўнавартаснага мірнага жыцця. Каб зноў быць моцным ужо па-за фронтам. Ваша дапамога дасць магчымасць аднавіцца і ісці далей.
Дзякуй кожнаму, хто вырашыць падтрымаць.
Сума збору
€3000
€1500 – медыцынская дапамога: абследаванні, артапед і траўматолаг, лячэнне суставаў і спіны, стаматалогія.
€ 1500 – жыллё і базавыя выдаткі на 2 месяцы: арэнда, харчаванне, транспарт.
