Былому палітзняволенаму неабходна дапамога ў вырабе дарагіх кантактных лінзаў і акуляраў, пасля таго, як ён напалову страціў зрок у калоніі.
Зміцер Палякоў нарадзіўся ў Віцебску, але на пачатку нулявых пераехаў у Нямеччыну з сям'ёй і шмат гадоў жыў там, захоўваючы сувязь з Беларуссю. У Віцебску ў яго заставалася кватэра, куды ён рэгулярна прыязджаў па бытавых пытаннях і на медыцынскія абследаванні, у тым ліку звязаныя са зрокам.
«Не магу сказаць, што я быў апалітычным, таму што тое, што адбываецца ў Беларусі, заўсёды мяне моцна хвалявала, а ў жніўні 2020 года я якраз прыехаў у родны Віцебск, – адзначае Зміцер. – Я бачыў, як бясчынстваваў АМАП, як людзей вязалі і без разбору кідалі ў аўтазакі. Пасля гэтага ў мяне не засталося ніякіх ілюзій наконт дзеянняў так званай улады».
Пасля 2020 года Зміцер стаў удзельнічаць у акцыях салідарнасці за мяжой, пісаў каментары ў сацсетках, удзельнічаў у пратэстных чатах.
«Верагодна, тады мяне і ўзялі на аловак сілавікі, – мяркуе экс-палітзняволены. – Я не хаваўся за псеўданімам, адкрыта пісаў аб тым, што лічу несправядлівым, уступаў у спрэчкі з прыхільнікамі ўлады. Відаць, нехта мяне і здаў».
4 кастрычніка 2023 года Зміцер у чарговы раз паехаў у Беларусь. На мяжы яго высадзілі з аўтобуса, дадаткова праверылі, але пасля адпусцілі. 12 кастрычніка супрацоўнікі КДБ прыйшлі па Зміцера дадому. Як пазней запісана сілавікамі, «затрыманне праходзіла з ужываннем сілы».
«Мяне павалілі на падлогу, пачалі біць нагамі і кулакамі, зацягнулі кайданкі так, што пераціснулі рукі, надзелі мяшок на галаву, – успамінае Зміцер. – Білі кнігай па галаве, кулакамі, увесь час ціснулі». Яго даставілі ў будынак КДБ, дзе шэсць гадзін катавалі, патрабуючы пароль ад тэлефона, білі па галаве, печані і рэбрам. У выніку сілавікі знайшлі падпіску на тэлеграм-канал «Полк Каліноўскага».
Пасля допыту Зміцера адвезлі ў Кастрычніцкае РУУС Віцебска, затым – у ІЧУ, дзе ён адбыў 20 содняў адміністрацыйнага арышту. Паралельна была ўзбуджаная крымінальная справа па артыкуле 369 КК РБ «абраза прадстаўніка ўлады» за каментар пад відэа з удзелам Вольгі Чамаданавай. У студзені 2024 года суд прыгаварыў Дзмітрыя да 1,5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі і прызначыў штраф у памеры 5,5 тысячы беларускіх рублёў.
Пасля суда яго этапавалі ў СІЗА Віцебска, дзе ён правёў пяць сутак у адзіночным карцэры ў холадзе. 24 красавіка 2024 года Змітра накіравалі ў папраўчую калонію № 22 у Івацэвічах, дзе ён правёў дзевяць месяцаў. У калоніі ён працаваў у прамзоне на разборцы металу і грузчыкам.
6 лютага 2025 года Зміцер выйшаў на волю і адразу з'ехаў у Нямеччыну. Ужо пасля вызвалення стала зразумела, што за час зняволення яго здароўе сур'ёзна пацярпела, перш за ўсё – зрок. Дактары дыягнаставалі кератаконус на абодва вочы: левым вокам ён практычна не бачыць, правым – прыкладна на 50 працэнтаў.
«Без карэкцыі я проста не магу нармальна арыентавацца ў прасторы. Мне прызначылі абследаванне, верагодна, спатрэбіцца аперацыя», – кажа Зміцер.
Для захавання зроку і магчымасці весці паўнавартаснае жыццё яму неабходны жорсткія кантактныя лінзы з індывідуальным прыладжваннем і спецыяльныя акуляры. Кошт лінзаў разам з працай майстра складае каля 1500 еўра, акуляраў – яшчэ 200 еўра. Медыцынская страхоўка пакрывае аперацыю, але не прадугледжвае выраб лінзаў і акуляраў, а такіх уласных сродкаў у экс-палітзняволенага няма.
«Я вельмі хачу вярнуць зрок, каб зноў жыць нармальна, – кажа Зміцер. – Знайсці грошы на неабходныя лінзы і акуляры сам я не ў стане, а без іх я практычна нічога не бачу. Да аперацыі трэба неяк жыць і працаваць, таму я спадзяюся на падтрымку і салідарнасць».
Сума збору
€1700
€1500 – выраб і падганянне кантактных лінзаў
€200 – выраб акуляраў
