З турмы да сям'і: дапамога былому палітвязню Змітру Някрасаву

  • Гісторыя

Добры дзень! Мяне завуць Зміцер Някрасаў, я родам з Берасця. У 2020 годзе мне было 19 гадоў, і я, як і шмат маладых людзей, не цікавіўся палітыкай. Аднак калі на працы нас прымушалі падпісваць дакументы ў падтрымку Лукашэнкі, я адмовіўся, нягледзячы на ​​пагрозы.

Пасля гэтага я зрабіў свядомы выбар на галасаванні. Але мой голас скралі, і я выйшаў на вуліцу.

Адразу пачаліся сутычкі з сілавікамі. Яны хапалі выпадковых людзей і спрабавалі разагнаць нас слезацечным газам. Мы ўтварылі счэпку. Неўзабаве прыехаў АМАП і пачаў кідаць у нас святлошумавыя гранаты і страляць з помпавых стрэльбаў. Я ўбачыў як паранілі мужчыну. Разам з іншым хлопцам мы адцягнулі яго ў бяспечнае месца.

У паніцы і гневе я кінуў некалькі камянёў у бок сілавікоў. Затым я адчуў удар у нагу, але на адрэналіне працягваў уцякаць. Калі адзін з пратэстоўцаў паказаў на кроў, я зразумеў, што быў паранены. Мяне абкружылі людзі, закруцілі нагу бінтамі і пацягнулі ў машыну.

У лякарню я ехаць пабаяўся, таму мяне адвезлі да знаёмай касметычнай хірургіні. Яна апрацавала рану і сказала, што патрэбная тэрміновая дапамога. Я патэлефанаваў сястры, і мяне адвезлі ў шпіталь.

23 жніўня 2020 года мяне затрымаў Следчы камітэт па падазрэнні ва ўдзеле ў масавых закалотах. Мяне адправілі ў ІЧУ на трое сутак, а затым адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе. 12 жніўня 2021 года мяне скаралі на тры гады пазбаўлення волі ў ВК-1.

Гэтыя тры гады былі пеклам. Умовы для палітвязняў былі жудаснымі, і я неаднаразова аказваўся ў ШІЗА, што моцна падарвала маё здароўе. Я спрабаваў атрымаць медычную дапамогу, але безвынікова. Знаходзячыся ў турме, я ажаніўся са сваёй дзяўчынай, якая падтрымлівала мяне ўсімі сіламі. Аднак і на яе сталі ціснуць, і яна была вымушаная з'ехаць у Польшчу.

ШІЗА (штрафны ізалятар) – гэта памяшканне для зняволеных, дзе ўмовы ўтрымання значна больш жорсткія, чым звычайна. Зняволеныя ў СІЗА пазбаўлены шматлікіх прывілеяў, такіх як перадачы, спатканні і шпацыры, і часта падвяргаюцца ўзмоцненаму фізічнаму і псіхалагічнаму ціску.
Заўвага BYSOL

30 траўня 2024 года мяне вызвалілі, але амаль адразу ж я сутыкнуўся з пагрозамі з боку супрацоўнікаў ГУБАЗіКа. Баючыся за сваё жыццё, я з'ехаў з Беларусі ў Грузію і цяпер спрабую дабрацца да Польшчы, каб уз'яднацца з сям'ёй.

Вашай падтрымкай я змагу пакрыць выдаткі на дарогу і добраўпарадкаванне ў Польшчы. Калі ласка, дапамажыце мне здабыць бяспеку і аб'яднацца з каханымі.

Сума збору

€2000

€500 – цяпер я знаходжуся ў Грузіі і чакаю візу. На сур'ёзную працу ўладкавацца я не магу, таму даводзіцца перабівацца падпрацоўкамі. Гэтыя грошы патрэбны мне для падстрахоўкі, калі чаканне зацягнецца.
€500 – адзенне на восень/зіму, бо ў мяне няма многіх цёплых рэчаў.
€1000 – гэтыя сродкі патрэбныя будуць на першы час у Польшчы, пакуль я буду ўладкоўвацца на новым месцы.

:
€ 2 083
Збор завершаны. Сабрана: € 2 083