Дапамога на лячэнне і рэабілітацыю Барэйчуку Дзмітрыю

  • Гісторыя

Упершыню пра Віктара Бабарыку я пачуў у 2020 годзе, калі ён вырашыў балатавацца ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь. Памятаю, я тады напісаў яму ў фэйсбуку — хацеў даведацца, як ён бачыць будучыню нашай краіны. А той адказаў: «запісвайцеся ў ініцыятыўную групу, будзем працаваць разам». Так я апынуўся камандзе Віктара Дзмітрыевіча.

У 2020 годзе я актыўна займаўся зборам подпісаў, ездзіў па рэгіёнах, і нават увайшоў у пяцёрку найбольш выніковых збіральнікаў. Але за два месяцы да выбараў Віктара Дзмітрыевіча затрымалі. Я быў настолькі гэтым абураны, што падаў у КДБ хадайніцтва, каб яму змянілі меру стрыманьня. Але замест таго, каб прыняць мае дакументы, супрацоўнікі прынялі мяне.

Пасля 14 сутак на Акрэсціна і ў Жодзіне, я выйшаў 12 жніўня 2020 года. Пасля гэтага я адразу ж падаў скаргі ў пракуратуру і ГУУС Менгарвыканкама, дзе выклаў 22 пункты розных парушэнняў заканадаўства, з якімі я сутыкнуўся, пакуль сядзеў на сутках. Але тая папера засталася без увагі.

Хутка стала зразумела, што спакойнага жыцця мне больш не дадуць. Так, пасля выбараў у мяне дома адбыліся 2 ператрусы. А ў лістападзе 2022 года, падчас трэцяга ператрусу і пераварочвання кватэры дагары нагамі, мяне забралі і даставілі ў ГУБАЗіК для «разбіральніцтва».

Там сваю справу ведалі і пры дапамозе гвалту выбілі з мяне паролі. Пасля гэтага я апынуўся на Акрэсціна, але ў параўнанні з 2020 годам умовы ўтрымання моцна ўзмацніліся. У 4-х мясцовай камеры нас было 20 чалавек. Пасцельнай бялізны, ручнікоў і матрацаў не было, як і прадметаў асабістай гігіены. Часам даводзілася жыць без туалетнай паперы некалькі дзён запар. Нас пазбаўлялі сну, ладзілі ператрусы ў позе «ластаўкі», перамяшчалі па калідорах у кайданках «тварам у падлогу», як быццам мы самыя небяспечныя ў свеце злачынцы.

Таксама нас рэгулярна вадзілі «на размову». Мне было прапанавана прызнацца ў рэгістрацыі ў плане «Перамога» і ў напісанні каментароў у адным з тэлеграм-каналаў. Паколькі адмова ў алгарытмах працы гэтай арганізацыі не прадугледжана, у канчатковым выніку прызнанні былі атрыманыя… Але іншых доказаў у іх не было, таму следчыя вырашылі выпусціць мяне на волю пад падпіску аб нявыездзе.

Адразу пасля вызвалення я звярнуўся ў Менскі абласны шпіталь са скаргамі на болі ў жываце, якія пачаліся яшчэ на Акрэсціна. Мяне шпіталізавалі. А ў жніўні 2023 года ў РНПЦ анкалогіі ім. Аляксандрава ў п. Бараўляны мне быў пастаўлены новы дыягназ: значная кістозная пухліна і прызначана найхутчэйшая аперацыя па яе выдаленні.

Паколькі на той момант да сканчэння дзеяння візы заставалася ўсяго некалькі дзён, на сямейнай радзе мы прынялі рашэнне пакінуць краіну. Ехалі на машыне праз Расею, Эстонію, Латвію, Літву і дабраліся нарэшце да польскага Беластока. Тут мы падалі заяву на атрыманне міжнароднай абароны і ў дадзены момант чакаем рашэння.

Таксама я звярнуўся ў Беластоцкі цэнтр анкалогіі, дзе пасля 2 месяцаў абследаванняў, напачатку снежня мне правялі аперацыю і выдалілі пухліну разам з часткай кішачніка. Усё прайшло добра і цяпер я знаходжуся на рэабілітацыі.
(BYSOL мае ўсе пацвярджальныя медыцынскія дакументы).

Большую частку медыцынскіх выдаткаў абяцала пакрыць фірма, якая займаецца апекай такіх, як мы, але давялося заплаціць са сваёй кішэні.

Мы просім дапамогі для кампенсацыі шэрагу панесеных медыцынскіх выдаткаў і забеспячэнні дадатковай рэабілітацыі. Таксама нам патрэбныя сродкі для выжывання сям'і, пакуль я не ўстану на ногі.

Сума збору:

€4000

€250 – тэрміновае абследаванне на КТ, якое нам не змаглі кампенсваваць
€2000 – санаторнае лячэнне і рэабілітацыя (прыкладна 3 месяцы)
€1750 – падтрыманне жыцця сям'і, пакуль я не ўстану на ногі (прыкладна 3 месяцы)

Сабрана:
€ 4 051 з 4 000