Зміцер Кайтанаў з Калінкавічаў быў актывістам штаба Святланы Ціханоўскай у родным горадзе, за гэта і быў затрыманы сілавікамі напярэдадні выбараў – 6 жніўня 2020 года. Мужчына правёў шэсць сутак у Мазырскім СІЗА, а ў той момант яго жонка знаходзілася ў радзільным доме.
Пасля вызвалення актывіста выклікалі ў Следчы камітэт на допыт. «Спачатку я праходзіў па справе як сведка, але за 4 гадзіны допыту стала зразумела: як сведку мяне не ўспрымаюць і справа ідзе да крымінальнага абвінавачання».
У студзені 2021 года чалавек, які назваўся супрацоўнікам КДБ, паведаміў яму па тэлефоне, што хутка будзе суд, на якім Зміцер абавязаны прысутнічаць, не ўдакладніўшы пры гэтым статус мужчыны. Пасяджэнне некалькі разоў пераносілі, але актывіст зразумеў, што знаходзіцца пад пагрозай крымінальнага абвінавачання і яго арышт толькі пытанне часу.
«Калінкавічы маленькі горад, і я пачаў заўважаць за сабой назіранне, – успамінае мужчына. – Назіральнікі былі відавочна не з Калінкавіч, асабліва не хаваліся, «пільнавалі» мяне каля дома, пераследвалі ў горадзе. Знаходзілі, нават «страціўшы». Я зразумеў, што гэта, хутчэй за ўсё, праз мой тэлефон, які праляжаў пасля арышту ў сілавікоў чатыры месяцы».
Напалоханы такой увагай, Зміцер звярнуўся да валанцёраў, з'ехаў з Калінкавічаў у Менск, дзе экстрана атрымаў візу і ў той жа дзень – 1 лютага, выехаў у Літву, а затым – у Латвію.
«Ужо 2 лютага 2021 года я апынуўся ў цэнтры прыёму бежанцаў у былым вайсковым мястэчку Муцэніекі. Там прайшоў каранцін, атрымаў пасведчанне бежанца і падаў дакументы на міжнародную абарону».
«15 месяцаў я чакаў рашэння аб прадстаўленні абароны. Спачатку жыў у цэнтры для бежанцаў, падзарабляў. Калі крыху ўстаў на ногі, пераехаў у Рыгу, – успамінае Зміцер свой шлях палітэмігранта. – Працаваў на сезонных падпрацоўках, дзе не было ні афіцыйнага працаўладкавання, ні страхоўкі».
Бяда здарылася ў 2024 годзе, калі беларус спатыкнуўся на лесвіцы і атрымаў траўму: трэшчыну ў пятцы. Спачатку лекар недаацаніў сітуацыю і калі высветлілася, што патрэбны гіпс і імабілізацыя, мужчына нейкі час спрабаваў хадзіць самастойна, хоць і пакутаваў ад болю.
Цяпер беларус аднаўляецца пасля траўмы, з цяжкасцю перасоўваецца і не можа працаваць.
«Дзяржаўнай падтрымкі ў мяне няма, тыя дробныя грошы, што ўдалося адкласці на чорны дзень даўно скончылася, а даўгі перад знаёмымі растуць, – наракае Зміцер. – Прашу вашай салідарнасці і дапамогі на кароткі перыяд, пакуль я змагу аднавіцца і зноў пайсці на працу. Буду вам вельмі, вельмі ўдзячны!».
Сума збору
€1700
€800 – арэнда жылля
€400 – прадукты харчавання
€500 – медыкаменты і фізіятэрапія