«Прыйшлося набыць камп’ютар для навучання – і на гэтым грошы скончыліся»

  • Гісторыя

У сакавіку гэтага года былога палітзняволенага Дзяніса прымусова вывезлі ў Літву пасля вызвалення групы палітзняволеных. З таго часу беларус будуе жыццё нанова ў эміграцыі. Каб самастойна працаваць, яму трэба атрымаць новую прафесію, а пакуль ён вучыцца – плаціць за жыллё, ежу і лячэнне дэрматыту.

Дзянісу Жалезкa 40 гадоў, ён з Гомеля. У жніўні 2020 года Дзяніс быў на заробках у іншай краіне, але ўважліва сачыў за тым, што адбывалася дома. Прэзідэнцкія выбары ён чакаў з вялікай надзеяй, а падзеі 9 жніўня і наступных дзён сталі для яго накдаўнам. Убачыўшы кадры, дзе збівалі мірных людзей, ён адкрыта выказваў сваё меркаванне ў сацыяльных сетках. Менавіта за гэта мужчыну ў выніку арыштавалі і ў ліпені 2024 года прысудзілі да 4 гадоў калоніі.

У сакавіку 2026 года беларуса вызвалілі і разам з групай палітзняволеных вывезлі ў Літву. 1000 еўра, сабраныя BYSOL у межах агульнага збору для групы, дапамаглі закрыць самыя першыя выдаткі пасля выезду, але для паўнавартаснага пачатку новага жыцця гэтых грошай недастаткова. Цяпер Дзяніс жыве ў Літве і атрымаў гуманітарны від на жыхарства. Формальна гэта дае яму магчымасць будаваць жыццё ў новай краіне, але фактычна ўсё даводзіцца пачынаць з нуля.

«У мяне няма стабільнага жылля, працы і дастатковых сродкаў на жыццё. Ужо трэба знайсці кватэру, аплаціць арэнду і дэпазіт, купіць базавыя бытавыя рэчы, працягваць лячэнне і адначасова рыхтавацца да працаўладкавання, – адзначае беларус. – Мне даводзіцца пачынаць жыццё нанова. Я апынуўся ў іншай краіне практычна без сродкаў да існавання».

Каб хутчэй атрымаць новую прафесію і высці на працу, Дзяніс падаў заяўку на адукацыйную праграму для былых палітзняволеных. Скора пачнуцца курсы па аналітыцы даных і англійскай мове. Для вучобы яму прыйшлося набыць камп’ютар за свае грошы, і на гэтым яны скончыліся.

Паралельна мужчына шукае працу: і ў сферы сваіх кампетэнцый у продажах, камерцыі, працы з кліентамі і оптавымі пастаўкамі, і па рабочых спецыяльнасцях. Ён гатовы ісці кладаўшчыком, зборшчыкам, аператарам ЧПУ: на любую працу, дзе не патрабуецца свабодная літоўская.

Пасля наваполацкай калоніі ў Дзяніса пачаліся праблемы са скурай. Літоўскія дактары паставілі дыягназ: хранічны кантактны дэрматыт як вынік умоў у калоніі, прамысловай экалогіі, пастаяннага стрэсу і нервовага знясілення. Пры абвастрэннях яму патрэбныя лекі, спецыяльныя гелі і мазі. Частку дапамогі яму аказалі пасля выезду, але зараз прэпараты трэба купляць самому.

«Першапачаткова, каб штаны падтрымаць, гатовы і на любую іншую працу выходзіць, абы дзесьці атрымліваць заробак», – кажа ён.

Але пакуль водгукаў няма. Ён апынуўся ў сітуацыі, знаёмай многім былым палітзняволеным пасля вызвалення: дакументы ўжо ёсць, але ўстойлівай працы яшчэ няма; дапамога на самы першы перыяд амаль скончылася, але новае жыццё яшчэ не выбудаванае. Трэба адначасова шукаць жыллё, лячыцца, вучыцца, рассылаць рэзюмэ і закрываць штодзённыя выдаткі.

Цяпер Дзянісу патрэбна падтрымка, якая дазволіць яму замацавацца ў Літве і рухацца далей самастойна. Ён хоча атрымаць прафесію, вывучыць мову, знайсці працу і больш не залежыць ад фондаў і разавай дапамогі.

Сабраныя сродкі дапамогуць яму закрыць самы ўразлівы перыяд пасля вызвалення: знайсці жыллё, працягнуць лячэнне, падрыхтавацца да навучання і сканцэнтравацца на галоўнай мэце – працаваць і будаваць жыццё ў эміграцыі.

Сума збору
€2000

€1200 – арэнда жылля і дэпазіт
€400 – лекі, медыцынскія выдаткі і сродкі пры абвастрэннях дэрматыту
€400 – адзенне, прадметы побыту і рэчы першай неабходнасці

Сабрана:
€ 291 з 2 000