«Я хачу нарэшце пачаць жыць, а не выжываць». Транс-мужчыне патрэбна дапамога з жыллём і лячэннем

  • Гісторыя

Мяне завуць Дэн. Я трансгендарны мужчына з Менска. Да ад'езду з Беларусі я маляваў коміксы, вучыўся мастацтву татуіроўкі і марыў стаць прафесійным тату-майстрам. Цяпер мая галоўная мара значна прасцейшая: мець бяспечнае жыллё, атрымліваць неабходныя лекі і нарэшце пачаць жыць, а не пастаянна змагацца за выжыванне.

У 2020 годзе я разам з сябрамі выходзіў на мірныя пратэсты. Мы верылі, што можам змяніць будучыню краіны. Падчас адной з акцый я дапамагаў параненаму чалавеку пасля выбуху святлошумавой гранаты. Калі прыехала хуткая дапамога, сілавікі затрымалі не толькі пацярпелага, але і людзей, якія спрабавалі яму дапамагчы. Тады я зразумеў, што ў Беларусі за дапамогу чалавеку таксама можна апынуцца за кратамі.

У лютым 2024 года мяне затрымалі каля дома. Падчас праверкі тэлефона знайшлі фатаздымкі з пратэстаў. Потым пачаліся пытанні пра маю гендарную ідэнтычнасць, адносіны з партнёрам, палітычныя погляды, прыніжэнні і абразы. Пасля гэтага мяне адвезлі на Акрэсціна.
Тры дні я правёў у перапоўненай камеры. Памяшканне было разлічанае на двух чалавек, але нас было больш за дзесяць. Святло не выключалі ні ўдзень, ні ўначы. Па начах людзей будзілі толькі для таго, каб прынізіць. Пасля суда мяне адпусцілі. Я прыехаў да партнёра і сказаў: «Трэба з'язджаць».

Але з'ехаць адразу мы не змаглі. З-за забароны на выезд амаль паўгода хаваліся, пастаянна мянялі месцы, жылі ў знаёмых і чакалі магчымасці пакінуць Беларусь. Дзякуючы дапамозе BYSOL мне ўдалося эвакуявацца. Пазней мы з партнёрам сустрэліся ў Літве, а затым пераехалі ў Польшчу і папрасілі міжнародную абарону.

Мы думалі, што праз некалькі месяцаў атрымаем дакументы і зможам працаваць. Замест гэтага прайшло амаль два гады чакання. Увесь гэты час мы жывём у стане нявызначанасці. Без дакументаў я не магу паўнавартасна працаваць, а дапамогі і рэдкіх падпрацовак ледзь хапае на арэнду жылля і самыя неабходныя выдаткі.

У мяне дыягнаставана біпалярнае растройства. Я пастаянна прымаю лекі, і без іх мой стан хутка пагаршаецца. Калі на месяц я пазбавіўся медыцынскай страхоўкі, давялося перапыніць лячэнне. Гэта стаў адзін з самых цяжкіх перыядаў пасля пераезду.

Я працягваю праходзіць стажыроўку ў тату-студыі, кожны дзень малюю эскізы і вучуся працаваць. Гэта прафесія, якой я хачу займацца. Але пакуль без дакументаў усё гэта не можа стаць маёй працай.

За час чакання мы некалькі разоў апыналіся на мяжы страты жылля. Некаторы час жылі ў закінутым сквоце без нармальных бытавых умоў. Цяпер валанцёры дапамаглі нам часова арандаваць кватэру, але гэтая дапамога хутка скончыцца. Разам з намі жывуць два каты, якіх мы змаглі вывезці з Беларусі.

Я прашу дапамагчы мне перажыць гэты перыяд. Сродкі збору пойдуць на аплату жылля, лекі і самыя неабходныя выдаткі, пакуль я чакаю рашэння па міжнароднай абароне.

Я вельмі хачу, каб гэтая дапамога стала часовай. Калі атрымаю дакументы, змагу афіцыйна працаваць па прафесіі і забяспечваць сябе самастойна.

Дзякуй кожнаму, хто зможа мне ў гэтым дапамагчы.

Сума збору:
€2900

€2000 – арэнда жылля і камунальныя плацяжы на 3 месяцы
€500 – прадукты і транспарт
€400 – лекі і медыцынскія выдаткі

Сабрана:
€ 13 з 2 900