Усім прывітанне!
Мяне завуць Дар’я. Тры гады таму я была студэнткай геаграфічнага факультэта БДУ, а сёння – былая палітзняволеная ў эміграцыі. У 2020 годзе я была ўпэўнена ў салідарнасці беларусаў і імкненню да перамен, калі выходзіла на маршы. Я выказала сваю грамадзянскую пазіцыю і не шкадую. Але для мяне гэта дорага каштавала. Такі досвед як два с паловай гады ў папраўчай установе мяне моцна траўмаваў, а тэрміновы ад’езд без рэчаў і сродкаў дадаў выпрабаванняў. Мне вельмі патрэбна ваша дапамога, каб пачаць будаваць новае жыццё ў чужой краіне
Мяне затрымалі напачатку сакавіка 2021 года проста на вуліцы. Усё адбылося максімальна нечакана і без падстаў. Да дому мне заставалася дайсці 5 хвілін, як раптам некалькі мужчын падыйшлі да мяне і запатрабавалі ісці з імі. Яны былі ў звычайным адзенні і я не адразу зразумела, хто гэта – было так страшна, не перадаць! У РАУСе шасцёра ГУБАЗіКаўцаў дапытвалі мяне 5 гадзін, не даючы адказаць бацькам, якія тэлефанавалі мне ўвесь час. Гэта разрывала маё сэрца. Мне паказалі каментары, якія я пакінула ў першыя дні пратэстаў 2020 года ў лакальным чаце горада. Потым прымусілі падпісаць «афіцыйнае папярэджанне» аб тым, што са мной правялі прафілактычную гутарку, і што я абяцаю ніколі больш не ўдзельнічаць у пратэстах. Напрыканцы забралі тэлефон нібыта на «экспертызу» і ўпэўнілі, што на гэтым усё.
Але гэта было не так. Праз тыдзень патэлефанаваў следчы і паведаміў, што на мяне заведзена крымінальная справа па артыкуле 369 (арт. 369 КК РБ – абраза прадстаўніка ўлады), потым да яго дадалі яшчэ і артыкул 342 (арт. 342 КК РБ – арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). І гэта толькі за каментары!
Мяне адлічылі з універсітэта проста аддаўшы атэстат без тлумачэння падстаў. Далей я прайшла некалькі месяцаў следчых дзеянняў і 5 судовых пасяджэнняў, і я к вынік атрымала 2 гады і 6 месяцаў «хіміі» з накіраваннем.
«Хімія» з накіраваннем – гэта від пакарання, калі асуджанага адпраўляюць у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Людзі жывуць у карпусах, падобных да інтэрнатаў. Яны знаходзяцца пад пастаянным наглядам і абавязаны выконваць правілы ўнутранага распарадку, пры гэтым плацяць за пражыванне, купляюць ежу за свой кошт, самі рыхтуюць, сціраюць і прыбіраюць. Пры гэтым усе асуджаныя абавязаны працаваць, часта іх накіроўваюць на нізкакваліфікаваную і малааплатную працу.
Заўвага BYSOL
Апеляцыйная скарга мяне не ўратавала, і з 30 жніўня 2021 года я пачала адбываць свой тэрмін у ПУАТ-10. Гэтыя бясконцыя месяцы мне прыходзілася жыць у неверагодна складаных умовах, сярод асуджаных за рэальныя злачынствы і пад бесперапынным кантролем міліцыянтаў. Мяне ўладкоўвалі на фізічна цяжкія працы (прыбіральшчыцай цэхаў на прамысловых прадпрыемствах, швачкай прамысловай прадукцыі), адмаўлялі ў медыцынскай дапамозе, на падставе чаго зараз я ў свае 22 гады маю праблемы са здароўем.
Вызвалілася я толькі 29 лютага 2024 года. На той момант я ўжо ведала, што звычайна былых палітзняволеных не пакідаюць у спакоі, не даюць ані вучыцца, ані працаваць, і цягам часу заводзяць новую крымінальную справу, каб пасадзіць зноў. Таму я амаль адразу прыняла рашэнне з’язджаць. Вырашыла не чакаць новага пераследу і вяртацца ў гэтае жудаснае месца, дзе я згубіла амаль тры гады свайго жыцця. Атрымаўшы новы пашпарт, на пачатку траўня 2024 года я пакінула краіну.
На падставе ўсяго, што са мной здарылася, я не скончыла навучанне ў БДУ, не атрымала прафесію і магчымасць працаваць, а маю зараз толькі маральныя пакуты і праблемы са здароўем. З краіны я з'ехала не маючы сродкаў нават на тое, каб мець магчымасць здымаць тут жыллё прынамсі месяц, а акрамя гэтага існуюць і іншыя расходы, такія як харчаванне, лекі і вітаміны, адзенне па сезоне, бытавыя прадметы, адукацыйныя курсы. У мяне пачнецца навучанне ў польскім універсітэты толькі ўвосень, а да гэтага моманту мне трэба здымаць жытло і працаваць, а таксама вырашыць пытанні па легалізацыі.
Канешне, я шукаю варыянты, як забяспечыць сябе. Калісьці я рабіла манікюр, і ў мяне няблага атрымлівалася. Каб уладкавацца на працу ў манікюрным салоне мне неабходна тэрмінова вучыць польскую мову і палепшаць свае навыкі як майстар манікюра. Пакуль я наведваю бескаштоўныя курсы польскай мовы для пачаткоўцаў, але гэтага недастаткова. Я раблю ўсё, што ад мяне залежыць, але аб'ектыўна разумею, што без вашай дапамогі мне не абысціся.
Я звяртаюся да вас з надзеяй, што сабраныя сродкі могуць дапамагчы мне ў рэабілітацыі пасля палітычнага пераследу, адбывання пакарання і вызвалення з гэтага жудаснага месца. Я шчыра ўдзячна ўсім і кожнаму за любую дапамогу ў маёй адаптацыі на новым месцы. Жыве Беларусь!
Сума збору
€3000
€1000 – арэнда жытла з закладам (мінімум на 2 месяцы, пакуль не пачну атрымліваць стабільны заробак)
€1000 – курсы манікюру для хутчэйшага атрымання прафесіі
€500 – харчаванне, прадметы першай неабходнасці, адзенне і абутак па сезоне
€500 – непрадугледжаныя расходы (пераклад дакументаў аб крымінальным пераследзе, натарыяльныя копіі дакументаў і інш.)