Цэнтр Беларускай Салідарнасці пад пагрозай: патрэбна дапамога

  • Гісторыя

Сёння складаная сітуацыя ў свеце: ЗША скарачаюць дапамогу іншым краінам, Еўропа засяроджаная на пытаннях бяспекі, і цяпер мы застаёмся сам-насам са сваімі праблемамі і патрэбамі. А яны нікуды не зніклі. Як і раней, беларусам патрэбна дапамога ў юрыдычных пытаннях, падтрымка ў адукацыі для дзяцей, захаванне сваёй мовы і культуры ў выгнанні.

Эміграцыя – гэта няпросты шлях. Бацькі спрабуюць знайсці для сваіх дзяцей бяспеку і будучыню, але адначасова баяцца, што яны страцяць сувязь з Беларуссю. Дзеці не выбіралі жыцця па-за сваёй краінай – іх прымусілі.

Цэнтр Беларускай Салідарнасці – гэта тыя, хто штодня дапамагае беларусам не згубіцца ў новай рэальнасці.

Што мы робім?

Юрыдычная дапамога.
У нас усяго 5 юрыстаў, але яны штодня дапамагаюць сотням беларусаў, праводзячы больш за 1000 кансультацый на месяц. Яны суправаджаюць судовыя справы, дапамагаюць з афармленнем дакументаў, працуюць з уладамі.

Рэальныя змены на ўзроўні ўсёй краіны.
Дзякуючы тытанічнай працы Вольгі Дабравольскай, кіраўніцы юрыдычнага дэпартамента ЦБС, беларусы ў Польшчы атрымалі тое, што раней здавалася немагчымым:
 — Гуманітарны від на жыхарства – для тых, хто не можа вярнуцца дадому.
 — Польскі праязны дакумент для ўсіх беларусаў з ВНЖ – бясплатна.
Яе заслугі прызнаныя не толькі беларусамі, але і польскай юрыдычнай супольнасцю. У 2022 годзе яна атрымала ўзнагароду за II месца ў прэстыжным конкурсе «Rising Stars Prawnicy – liderzy jutra 2022» – за дзейнасць у інтарэсах грамадства і правапарадку.

Беларуская адукацыя ў выгнанні.
Наша Школа дадатковай адукацыі – найбуйнейшая БЯСПЛАТНАЯ беларуская адукацыйная пляцоўка для дзяцей у Польшчы.
За 4 гады больш за 1500 дзяцей прайшлі праз яе. Мы не проста вучым – мы дапамагаем дзецям захаваць беларускую мову і культуру, нават калі вяртанне дадому немагчыма. Таксама мы дапамагаем у падрыхтоўцы да школьных іспытаў і праводзім шмат іншых заняткаў на развіццё. А зараз у нас з'явілася некалькі груп для дзетак са спектрам аўтызму. 
Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне школа не засталася ўбаку – мы прынялі сотні ўкраінскіх дзяцей. Быў створаны Цэнтр апекі, які штодня працаваў з раніцы да вечара на працягу паўгода, каб дапамагаць дзецям перажыць гэты складаны перыяд.

Сёння ў нас шмат змешаных груп, дзе разам вучацца беларускія і ўкраінскія дзеці.
І гэта вельмі важна. Мы на ўласным прыкладзе паказваем дзецям, што такое салідарнасць. Яны вучацца разам. Яны растуць разам. Яны бачаць, што падтрымка і разуменне – гэта галоўнае.

Беларуская культура павінна жыць.
Мы падтрымліваем беларускія выдавецтвы ў Польшчы, арганізоўваем для іх стэнды на міжнародных кірмашах, дапамагаем аўтарам прадстаўляць свае кнігі і знайсці чытачоў.


АЛЕ ЗАРАЗ УСЁ ГЭТА ПАД ПАГРОЗАЙ.

Калі мы не знойдзем крыніцы фінансавання, нам давядзецца скарачаць нашу працу.
Менш юрыстаў – менш магчымасцяў абараніць беларусаў у судах і юрыдычна дапамагаць ім.
Менш настаўнікаў – менш падтрымкі і магчымасцяў для дзяцей.
Менш рэсурсаў – менш дапамогі тым, хто ў ёй мае патрэбу.

Гэта не проста пра грошы. Гэта пра тое, ці зможам мы захаваць тое, што так цяжка будавалі.

Таму мы просім вашай дапамогі.

Калі мы сапраўды верым у каштоўнасць салідарнасці – мы павінны паказаць гэта справамі.

Калі мы самі сабе не дапаможам – ніхто нам не дапаможа.

Сума збору:
€20.000

€10.000 – заробкі настаўнікаў. Гэтай сумы хопіць на некалькі месяцаў працы нашых педагогаў. Многія настаўнікі ў ЦБС за ўласныя грошы набываюць матэрыялы для творчых заняткаў, а таксама купляюць прадукты для дзетак.

€10.000 – заробкі юрыстаў. Гэтая сума дапаможа пакрыць выдаткі на заробкі нашых юрыстаў-кансультантаў, якія апрацоўваюць мінімум 50 зваротаў у дзень і пры гэтым паспяваюць пісаць скаргі, абскарджанні і прадстаўляць інтарэсы беларусаў перад адміністратыўнымі органамі.

Сродкі, сабраныя праз BYSOL, дапамогуць нашай камандзе ператрываць у крызісны час. Мы актыўна працуем над планам выратавання, вядзём перамовы з патэнцыйнымі донарамі, але зараз мы просім вашай дапамогі – каб працягваць дапамагаць іншым.

Сабрана:
€ 1 392 з 20 000