У 2020 годзе Марыя* выходзіла на пратэсты і ўдзельнічала ў страйку. Цяпер жанчына ў роспачы: былой палітзняволенай складана знайсці высокааплатную працу, грошай не хапае, а на ёй дзіця, якога Марыя гадуе адна.
Мяне клічуць Марыя*, я былая супрацоўніца буйнога завода – мы з іншымі работнікамі ў 2020 годзе ўдзельнічалі ў пратэстах і выходзілі на страйк. За пратэсты мяне затрымлівалі на содні, за страйк – звольнілі.
Пасля звальнення я знайшла новую працу, але надоўга не засталася – гарэла актывізмам, хацела дапамагаць завадчанам. Паралельна падзарабляла, адна выхоўвала дзіця.
Так працягвалася некалькі гадоў, пакуль мяне не затрымалі. А пасля прыгаварылі да калоніі за ўдзел у пратэстах. Там я прабыла некаторы час. Але гэтага хапіла, каб пачаліся сур'ёзныя праблемы са здароўем, у прыватнасці, у сферы гінэкалогіі. Я вечна хадзіла бледная і «зялёная». А як толькі вызвалілася (больш за два гады таму), пасыпалася ўсё. Я стала страчваць прытомнасць, у мяне сапсаваліся зубы, пачалі выпадаць валасы. Трэба было сябе экстрана прыводзіць у парадак, бо ў мяне дачка. І ўсё гэта – у пастаянным стрэсе праз праверкі міліцыянтаў (маглі прыходзіць нават уначы).
Пасля вызвалення да гэтага часу не атрымалася знайсці добрую працу. З судзімасцю (тым больш палітычнай) многія не бралі, а калі і бралі – плацілі мала. Працавала і ў продажы, і на складах. Цяпер вымашана пайсці ў клінінг. Але тое, што я атрымліваю, дапамагае хіба што зводзіць канцы з канцамі. Мне трэба плаціць за арэнду кватэры, купляць ежу дзіцёнку, адзенне і абутак. Сабе ўжо нічога новага не купляла больш за год, даношваю за ёй. Магчымасці адкласці і зрабіць хоць нейкі запас проста няма, жыву ў нуль. Таму даводзіцца залазіць у даўгі.
Часам проста не ведаеш, як будзеш выжываць з дзіцем, з катамі, у арэндаванай кватэры, у каго, што і дзе прасіць. Накатвае паніка – і гэта не ідзе на карысць нервовай сістэме.
Таму я вырашылася прасіць дапамогі. Мне трэба вярнуць доўг, а яшчэ я хачу купіць новы ноўтбук (стары «на мяжы смерці»). Новая тэхніка, як мінімум, падвышае мае шанцы ў пошуку аплатнай выдаленай працы, што пазбавіць ад неабходнасці выжываць за капейкі.
Мы з маім дзіцем і нашымі катамі вельмі просім падтрымкі. Гэты збор дазволіць нам закрыць звычайныя базавыя патрэбы без новых пазычак.
*Гэта ананімны збор. У мэтах бяспекі мы змянілі імя гераіні і некаторыя дэталі гісторыі. Малюнак згенеравана з дапамогай ШІ.
Сума збору
€2100
€900 – набыццё наўтбука
€600 – адзенне, абутак, бытавыя выдаткі
€600 – доўг
