Выязджаючы з Беларусі і Украіны з бацькамі (апекунамі) маладыя людзі трапляюць у сацыяльны вакуум. У вымушанай эміграцыі яны аказваюцца прадстаўленымі самім сабе – без сяброў, сваякоў, сваіх (беларускіх, украінскіх) школ, каледжаў і інш. Падлеткі, якія пацярпелі ад псіхалагічнага, а некаторыя і ад фізічнага гвалту, ціску з боку незаконнай злачыннай улады Беларусі, знаходзяцца на тэрыторыі іншай краіны, з яе мовай, культурай, адукацыяй і менталітэтам. Мы хочам дапамагчы ім у адаптацыі. Таму ладзім інтэграцыйны летнік у Польшчы.
Летнік будзе арганізаваны для групы дзяцей з 30 чалавек: 10 беларусаў, 10 украінцаў і 10 палякаў.
Праграма летніка арыентаваная на арганізацыю адукацыйнага асяроддзя і дзейнасці моладзі (12-15 гадоў) у творчым рэжыме, які забяспечвае маральнае, эстэтычнае, фізічнае і псіхалагічнае развіццё, а таксама стварэнне ўмоў для выбару будучай прафесіі.
Праграма накіраваная на інтэграцыю беларускіх і ўкраінскіх маладых людзей у сучаснае польскае грамадства, дзе дзеці з Беларусі, Польшчы, Украіны жывуць і вучацца побач, штодня ўзаемадзейнічаюць і загойваюць псіхалагічныя раны, якія зʼявіліся пасля пачатку вайны ва Украіне і саўдзелу ў ёй рэжыму Лукашэнкі. Праграма дазваляе падрыхтаваць вучняў да самастойных дзеянняў пры ўзнікненні надзвычайных сітуацый, як у прыродзе, так і ва ўмовах сучаснага свету.
Сродкі рэалізацыі праграмы:
— забеспячэнне вучням магчымасці займацца дадатковай фізічнай актыўнасцю ў выглядзе спартыўна-адукацыйных мерапрыемстваў пад кіраўніцтвам дасведчаных інструктараў;
— турызм для пазнання навакольнага асяроддзя;
— веды аб прыродных фактарах і рэсурсах;
— медычная, псіхалагічная і фізічная падрыхтоўка;
— сістэма ведаў, неабходных для выжывання ў розных умовах на прыродзе і ў антрапагенных ландшафтах (уключае ў сябе: прагулкі, экскурсіі, турыстычныя паходы, экспедыцыі).
— інтэграцыя беларускіх і ўкраінскіх маладых людзей праз узаемадзеянне з польскай моладдзю.
Асноўным партнёрам летніку выступае Спартыўна-адукацыйны клуб «Крывічы» (Fundacja sportu i edukacji «Krywiczy») у супрацы з беларускім душпастырствам у Варшаве (адказны – ксёндз Вячаслаў Барок). Клуб арганізуе заняткі ў пазнавальнай, творчай, інтэрактыўнай і сяброўскай атмасферы. Запланаваны адзін заезд на 30 чалавек. На занятках у залежнасці ад узросту дзеці будуць размеркаваныя на базавую і пашыраную групы па ўзроўню падрыхтоўкі.
Таксама партнёрамі праекту з’яўляюцца:
Fundacja Zachod Wschod Wsparcie (Польша-Беларусь-Украіна)
Fundacja Caritas Diecezji Lomzynskiej (Польша)
Служба «Хуткай гуманітарнай дапамогі».
Сума збора
€8000
Агульны бюджэт праекта складае €16000, аднак €8000 бяруць на сябе нашы партнёры. Астатнія €8000 мы выставілі на збор. Гэтыя грошы пойдуць на:
€1000 – арэнда транспарту
€1000 – арэнда паходнага абсталявання
€6000 – жытло і ежа для дзяцей