Дапамога ў адаптацыі былой палітзняволенай Булыбенцы Настассі. «Справа студэнтаў»

  • Гісторыя

Мяне завуць Булыбенка Настасся. Я былая палітзняволеная, фігурантка «справы студэнтаў», неаднаразова асуджаная па палітычна матываваных справах у Беларусі. Мне 21 год.

У 2020 годзе, падчас прэзідэнцкіх выбараў, мне было 18 год. Сутыкнуўшыся з беззаконнем, несправядлівасцю і гвалтам з боку ўраду і супрацоўнікаў «правапарадку», я не змагла застацца ў баку і пачала актыўна ўдзельнічаць у мірных акцыях пратэсту. Упершыню не змагла застацца дома 18 чэрвеня — дзень затрымання Віктара Бабарыкі.

У верасні 2020 года мяне затрымалі на жаночым «бліскучым» маршы. Аднак адпусцілі ў той самы дзень.

Пасля таго, як я выйшла з бел-чырвона-белым сцягам «БНТУ» і прайшла ўздоўж галоўнага корпуса, на мяне пачалі аказваць ціск ва ўніверсітэце.

Пастаянныя гутаркі, пагрозы адлічэннем і міліцыяй.

17 кастрычніка 2020 года мяне зноў затрымалі ў Менску на студэнцкай акцыі пратэсту супраць гвалту (марш маладосці). Далі 10 сутак адміністрацыйнага арышту па артыкуле 23.34 (парушэнне грамадскага парадку). Падчас затрымання мяне пазначылі чырвонай фарбай (лоб і руку). Мая маці 5 сутак не ведала, дзе я знаходжуся, пра гэта проста не паведамлялі.

Пасля адбыцця пакарання я была незаконна адлічаная з універсітэта (БНТУ). Загад аб адлічэньні я падпісала словамі “ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ”.

12 лістапада 2020 года мяне затрымалі супрацоўнікі КДБ па крымінальным артыкуле 342 ч.1 (грубае парушэнне грамадскага парадку). «Справа студэнтаў». Я атрымала 2 гады і 6 месяцаў пазбаўлення волі і цалкам адбыла пакаранне.

Я вызвалілася 30 лістапада 2022 года, аднак пераслед з боку праваахоўных органаў працягнуўся — мне неабгрунтавана забаранілі выезд з краіны, неаднаразова выклікалі ў міліцыю і прыязджалі дадому.

Я падала на ГУУС у суд і забарону знялі, але калі я выйшла з будынку суда мяне затрымалі яшчэ на 30 сутак (з 27 красавіка па 27 траўня 2023 года) па артыкулах 19.1 «дробнае хуліганства» і 24.3 «непадпарадкаванне». Падчас гэтага арышту мне неаднаразова пагражалі, псіхалагічна здзекаваліся, вусна забаранялі выязджаць з краіны, пагражаючы тым, што знойдуць мяне.

Адразу пасля вызвалення (27 траўня 2023 года) я выехала з Беларусі ў Літву.

Праз апошняе затрыманне я не паспела паступіць у ВНУ сёлета. Так атрымалася, што я скончыла школу, адвучылася адзін курс, міргнула — і я амаль 22-гадовая дзяўчына ў чужой краіне і без адукацыі, якой неабходна псіхалагічная рэабілітацыя.

У калоніі я ўвесь час збірала пёркі і сушыла кветкі, каб потым рабіць з іх паштоўкі і афармляць цікавыя лісты для мамы. Тады я і вырашыла, што пасля вызвалення хачу заняцца стварэннем упрыгожванняў з эпаксіднай смалы. Паспела паспрабаваць на пярсцёнках — мне спадабалася :)

Акрамя таго, з дзяцінства я займаюся танцамі. У калоніі я не закінула сваё захапленне. Бліжэй да канца тэрміна мне далі дазвол ставіць танцы для мясцовых конкурсаў. Хачу працягнуць займацца танцамі і зараз, але больш паглыблена.

Мне трэба знайсці сябе ў гэтым свеце, навучыцца жыць нанова, паспрабаваць нешта новае і, вядома, вучыцца нечаму спецыялізаванаму, каб працаваць.

Хачу пайсці на курсы па SMM і графічным дызайне.

Я буду вельмі ўдзячная за дапамогу ў маіх творчых пачынаннях і, вядома, абавязкова падзялюся вынікамі!

Сума збору:

€2560

  • Курсы SMM €400 за 4 месяцы навучання — мне трэба навучыцца сацыяльнаму медыя-маркетынгу (SMM), каб прасоўваць свой бізнэс.
  • Курсы графічнага дызайну €1000 — я хачу навучыцца ствараць прывабныя дызайны для сваіх вырабаў і павысіць свае прафесійныя навыкі.
  • Моўныя курсы €300 за 3 месяцы — павышэнне майго моўнага ўзроўню дапаможа мне лепш адаптавацца ў новай краіне і павялічыць шанцы на паспяховую кар'еру.
  • Абанемент на заняткі танцамі на 3 месяцы €360 — танцы — мая жарсць, і абанемент дапаможа мне працягваць развівацца ў гэтай галіне і знаходзіць радасць у творчасці.
  • Матэрыялы для ўпрыгожванняў €500 — Гэтыя сродкі пойдуць на куплю матэрыялаў і інструментаў для старту майго бізнэсу па стварэнні упрыгожванняў з эпаксіднай смалы.

Я буду вельмі ўдзячная за вашую падтрымку і абавязваюся падзяліцца вынікамі сваіх творчых пачынанняў з вамі.

Дзякуй за вашу дабрыню і разуменне.

:
€ 5 813
Збор завершаны. Сабрана: € 5 813