Уцякач з Беларусі мае патрэбу ў падтрымцы для лячэння дэпрэсіі і адаптацыі ў новай краіне

  • Гісторыя

Добры дзень!
Мяне завуць Курыловіч Барыс.

Магчыма, мы з вамі сустракаліся ў Вільні ў беларускай карчме «1863», дзе я працаваў шэф-кухарам. Магчыма, мы бачыліся ў Менску на маршах у 2020 годзе. А можа, вы мяне зусім не ведаеце. Але мне патрэбна ваша дапамога.

У 2020 годзе я выходзіў на ўсе вялікія мірныя маршы пратэсту ў Менску. У сваім раёне – Завадскі – па вечарах я развешваў бел-чырвона-белыя стужачкі не толькі ў 2020 годзе, калі гэта было адносна бяспечна, але ў 2021 і нават у 2022. А потым у мяне пачаліся праблемы:

Увесну 2022 года да мяне на працу некалькі разоў прыходзілі супрацоўнікі КДБ. Яны адводзілі мяне на размову і наўпрост казалі, што калі я не перастану сярод блізкіх мне людзей казаць пра свае погляды, то мяне чакае крымінальная справа і тэрмін да 15 гадоў, а маіх дзяцей забяруць у дзіцячы дом. Я тады змяніў месца працы і ў цэлым стаў больш асцярожным. Аднак праз некалькі месяцаў – у жніўні 2022 года – я даведаўся, што на старой працы КДБ канфіскавала абсалютна ўсе звязаныя з мной дакументы. Адвакат сказаў, што на мяне заведзена крымінальная справа, збіраецца матэрыял, і хутка мяне затрымаюць. Надышоў час мне пакідаць краіну. Так я апынуўся ў Літве.

Я з'ехаў амаль ні з чым. З сабой было крыху грошай і заплечнік з самымі неабходнымі рэчамі. На новым месцы я ўладкаваўся на працу шэф-кухарам у карчму «1863», бо мне было важна захоўваць сувязь са сваёй ідэнтычнасцю.


Але потым я паламаўся.
Па-першае, расстанне з дзецьмі. Гэта вельмі складана. І балюча. І я вельмі за імі сумую. А яшчэ памёр мой тата. Мая псіхіка гэтага не вытрымала, я звольніўся з працы і апынуўся ў шпіталі з цяжкай дэпрэсіяй.
(BYSOL мае ўсе медыцынскія дакументы)

Цяпер я змагаюся за сябе і за сваё здароўе. І мне патрэбна ваша дапамога, бо ў мяне нікога тут няма, а на кагосьці абаперціся трэба. Мне патрэбны сродкі на лекі, працу з тэрапеўтам і на жыццё, пакуль я буду прыходзіць у норму, лячыцца і зноўку збіраць сябе.

Дзякуй усім!
І да новых сустрэч!

Сума збору:

€5000

€1000 – 20 заняткаў з тэрапеўтам
€500 – лекі ад дэпрэсіі на паўгода
€3500 – жыллё і ежа на 3-4 месяцы.

Я ведаю, што гэта вялікая сума, але я цяпер у цяжкім стане і не магу працаваць. Мне патрэбны час, каб ачуняць і аднавіцца.

:
€ 5 120
Збор завершаны. Сабрана: € 5 120