Прывітанне! Мы – тактычная група «Eisenhyänen», сфармаваная ўвосень 2023 года з беларускіх добраахвотнікаў, каб змагацца супраць расейскай агрэсіі.
Да вайны кожны з нас жыў звычайным жыццём: інжынер, сталяр, іхтыёлаг, работнік канструктарскага бюро… У нас розныя погляды на многія рэчы, але нас аб'ядноўвае галоўнае: любоў да свабоды і гатоўнасць рызыкаваць жыццём дзеля яе.
Сёння кожны з нас – частка зладжанага баявога калектыву, які 24/7 працуе на самых гарачых напрамках фронту: Бахмут, Херсон, Часаў Яр, Купянск, Арэхава, Кляшчэеўка, Тарэцк. Мы рэдка з'яўляліся ў публічнай прасторы – увесь час сыходзіў на працу. Але цяпер мы вымушаны звярнуцца да вас па падтрымку, якая можа выратаваць жыццё.
Што нам трэба і навошта:
- Надзейны пазадарожнік.
Звычайныя машыны не вытрымліваюць франтавых нагрузак: яны перагружаныя, едуць па разбуранай бездаражы, не вытрымліваюць тэмпу і ламаюцца ў самы крытычны момант. А далей прылёт, і мінус машына. Таму надзейны пазадарожнік – гэта магчымасць своечасова эвакуіраваць людзей, даставіць боекамплект або выцягнуць параненага. Гэта шанец выжыць там, дзе лік ідзе на секунды.
- Квадрацыкл
Ён праязджае тамака, дзе не праедзе нават пазадарожнік. Яго лёгка замаскіраваць у пасадцы ці варонцы. Ён хутка вывозіць параненых, калі няма магчымасці выкарыстоўваць паўнацэнную тэхніку. Ёсць нямала выпадкаў, калі менавіта квадрацыкл ратаваў байцу канечнасці або жыццё. Бо нават 5-10 хвілін прамаруджвання падчас эвакуацыі – і гэта ўжо ампутацыя ці смерць.
- Набор акумулятарнага інструмента
Франтавая рэальнасць такая, што пазіцыі трэба абсталяваць з нуля і рабіць гэта трэба хутка, надзейна і глыбока. Усё гэта патрабуе магутнага рыштунку. Акумулятарны перфаратар, піла, ВШМ – гэта не пра камфорт, гэта пра выжыванне. Без гэтых інструментаў праца становіцца ў разы больш працяглай і небяспечнай. А на фронце час = жыццё.
Кожная ваша дапамога – гэта не проста тэхніка. Гэта шанец дажыць да раніцы. Гэта магчымасць выцягнуць сябра з-пад агню. Гэты час, якога нам заўсёды не хапае.
Мы не просім для сябе – мы збіраем, каб выжыць і працягваць рабіць тое, што абралі свядома: быць там, дзе цяжэй за ўсё, і змагацца за свабоду – Украіны, Беларусі і ўсёй Еўропы.
Дзякуй за давер. І за тое, што вы не адварочваецеся.
Жыве Беларусь. Слава Ўкраіне.
Да сустрэчы на вольнай зямлі.
Сума збору
€14.000
€5000 – квадрацыкл з рухавіком не менш за 700см3,
€6500 – надзейны пазадарожнік з рухавіком не меней 3500см3,
€2500 – набор акумулятарнага рыштунку (DeWalt або Hilti).