Беларуса дэпартавалі з Грузіі ў Арменію. Яму патрэбная дапамога, каб не апынуцца на радзіме, дзе яго чакае турма

  • Гісторыя

Пасля ўдзелу ў пратэстах Аляксандра прысудзілі да трох гадоў «хіміі». Ён падаў апеляцыю і, пакуль суд разглядаў яе, з’ехаў у Грузію, каб пазбегнуць пакарання. Пяць гадоў ён працаваў і жыў у гэтай краіне, пакуль у яго не пачаліся праблемы з дакументамі. Цяпер мужчыне патрэбная дапамога.

У Грузіі я жыў да мая 2026 года. Там жа планаваў падавацца на гуманітарную візу ў Польшчу (у мяне заканчваўся пашпарт). Але не выйшла. Я баяўся рабіць візаран праз Турцыю, бо думаў, што Грузія не пусціць мяне назад. Таму я перавысіў час знаходжання ў краіне на 7 дзён. І па мяне прыйшла міграцыйная паліцыя.

Я патлумачыў ім, што вяртацца ў Беларусь не магу па палітычных прычынах, тады яны спыталі, куды мне бяспечна ляцець. Патэлефанавалі сябру, нумар якога быў запісаны ў мяне на руцэ, і той купіў квіткі ў Арменію. Яны аформілі дакументы пра дэпартацыю і ў кайданках завезлі мяне ў аэрапорт.

Так 1 чэрвеня я прыбыў у Ерэван. Тут ужо скантактаваўся з амбасадай Польшчы. Мне прызначылі сустрэчу, аднак дакументы ўжо не прынялі – на той момант да заканчэння тэрміну дзеяння майго пашпарта заставалася трохі менш за тры месяцы.

Цяпер я знаходжуся ў Арменіі. Пакуль не разумею, як будзе складвацца сітуацыя далей. Спрабую знайсці нейкі варыянт, каб патрапіць у Европу і атрымаць там абарону.

Сітуацыя ўскладняецца тым, што ў мяне практычна няма магчымасці нармальна працаваць і зарабляць. Цяпер я жыву прыкладна за 60 км ад Ерэвана, зняў невялікую студыю праз знаёмых. Перыядычна мне дапамагаюць сябры пераводамі, таксама ў мяне застаецца доступ да грузінскай банкаўскай карткі, але фінансавая сітуацыя цяпер сапраўды крытычная.

На дадатак у мяне разбіўся тэлефон. І прыйшлося пазычыць грошай на яго рамонт – тэлефон мне неабходны для сувязі, працы з дакументамі, пошуку варыянтаў выезду і вырашэння ўсіх бягучых пытанняў.

Калі атрымаецца патрапіць у Польшчу, першы час мне асабліва цяжка будзе фінансава, бо без візы і неабходных дакументаў я, хутчэй за ўсё, не змагу адразу афіцыйна ўладкавацца на працу. Спатрэбяцца грошы на пагашэнне даўгоў, жыллё і мінімальныя выдаткі на першы час.

Калі ж патрапіць у Польшчу не атрымаецца, тады прыйдзецца пераязджаць у Ерэван, шукаць там працу і арэндную кватэру. А значыць, адразу спатрэбяцца грошы за першы і апошні месяц. Паралельна прыйдзецца вырашаць пытанне з падачай на міжнародную абарону ў Арменіі – і пакуль таксама зусім незразумела, ці змагу я працаваць у гэты перыяд.

Таму цяпер я буду ўдзячны за любую дапамогу. Нават невялікая сума мае значэнне і дапаможа мне закрыць неабходны мінімум – рамонт тэлефона, квіткі, жыллё і харчаванне.

Дзякуй усім, хто падтрымлівае мяне ў гэты няпросты перыяд.

Сума збору
€2700

€1500 (арыентыровачна) – жыллё. Пару месяцаў пражывання ў новай краіне
€900 – выдаткі на першы час
€300 – рамонт тэлефона або купля новага

Сабрана:
€ 0 з 2 700