Былому палітзняволенаму з інваліднасцю патрэбна падтрымка

  • Гісторыя

Мяне завуць Юрый Аверкаў. Мне 54 гады. Я былы палітзняволены, зараз жыву ў Варшаве. Я не рыхтаваўся да эміграцыі і не думаў, што прыйдзецца пачынаць жыццё з нуля за мяжой. Меня проста выкінулі з краіны без маёмасці і грошай, а з маім букетам хвароб я не магу знайсці працу і вымушаны прасіць аб дапамозе.

У пачатку 2024 года, калі я працаваў у таксі і чакаў кліента, сілавікі выцягнулі мяне з машыны, збілі, кінулі ў бруд, звязалі і адвезлі ў РУУС. Там паказвалі сфабрыкаваныя скрыншоты з Telegram, потым забралі дома ноўтбук і далі 15 сутак за перасланае сваячцы відэа «Белсата». Перад вызваленнем завялі крымінальную справу, дадалі яшчэ артыкулы, унеслі мяне ў «экстрэмісцкі» і «тэрарыстычны» спісы. Потым былі розныя СІЗА, этапы і калонія № 22, медчастка і турэмная бальніца. У мяне і да пасадкі была інваліднасць і цэлы набор хранічных хвароб, а пасля турмы стала толькі горш.

13 снежня 2025 года мяне разам з вялікай групай палітзняволеных вызвалілі і прымусова вывезлі з Беларусі праз Украіну. Так я апынуўся ў Польшчы.

Зусім нядаўна я атрымаў статус бежанца. Пэўны час жыў у шэлтары, але праграма часовага размяшчэння скончылася. Цяпер я здымаю жыллё і выжываю на рэшткі той дапамогі, якую атрымаў пасля вызвалення. Гэтыя невялікія грошы заканчваюцца, у мяне няма пастаяннага даходу, але арэнду, ежу, лекі і побыт трэба аплачваць кожны месяц.

Ужо каля двух месяцаў штодня рассылаю рэзюмэ, але пакуль працу знайсці не магу. Напэўна, такі «рабоцяга» не ўсім падыходзіць. Я фізічна не магу выконваць цяжкую працу: доўга стаяць, шмат хадзіць або пераносіць нагрузкі. Шукаю самыя розныя варыянты сядзячай працы: зборшчык, рамонтнік, упакоўшчык, камплектоўшчык. Магу працаваць за камп’ютарам. Было б здароўе, я б знайшоў, чым заняцца.

Яшчэ да турмы ў мяне была інваліднасць трэцяй групы. Асноўны дыягназ – двухбаковая палісегментарная трамбаэмбалія лёгачных артэрый. Гэта закаркаванне сасудаў у лёгкіх, якое ўплывае на кровазварот і працу сэрца. Акрамя гэтага, у мяне дыябет, захворванні сэрца і сасудаў, праблемы з нагамі, грыжа пазваночніка і іншыя хранічныя захворванні. 

Нават да турмы мой стан сур’ёзна абмяжоўваў магчымасць фізічна працаваць, а пасля яе пагоршыўся яшчэ больш.

Я гатовы вучыцца і разглядаю праграмы перападрыхтоўкі. Мне патрэбна праца, якую я змагу выконваць з дому або без цяжкай фізічнай нагрузкі. Але гэта не вырашаецца за адзін дзень.

Пакуль я шукаю такую магчымасць, грошы заканчваюцца. Галоўная задача – не застацца без жылля і сродкаў да існавання, пакуль я шукаю працу і спрабую разабрацца са здароўем. Я не прашу забяспечыць мяне на гады. Дапамажыце перажыць бліжэйшы перыяд: захаваць жыллё, купляць ежу і неабходныя лекі, працягваць шукаць працу і, магчыма, прайсці перападрыхтоўку.

Сума збору
€2300

€1100 – арэнда жылля
€700 – лекі, абследаванні і медыцынскія выдаткі
€500 – прадукты і бытавыя выдаткі

Сабрана:
€ 0 з 2 300