Добры дзень! Маё імя – Федарцова Арына. Мне 23 гады, я з горада Віцебска. Мой муж з сакавіка 2023 года ваяваў ва Украіне. Ён змагаўся ў шэрагах Палка імя Кастуся Каліноўскага спачатку на пасадзе разведчыка, пазней камандзіра пяхотнага аддзялення. У студзені 2025 года ў ходзе выканання баявой задачы ён прапаў без вестак.
Да вайны мы жылі ў Гданьску. Прыйшлося з'ехаць з Беларусі, бо мужа затрымлівалі некалькі разоў праз палітыку, і заставацца далей было небяспечна. Пасля нападу на Ўкраіну я валанцёрыла, збірала ахвяраванні для вайскоўцаў. А муж вырашыў паехаць на вайну. Аб сваім рашэнні ён мне не казаў да апошняга. А я не магла сказаць «Не едзь, там небяспечна», таму што ён заўсёды быў за справядлівасць. І ў жніўні 2023-га я паехала ва Ўкраіну за адзіным сваім блізкім чалавекам. Акрамя яго ў мяне нікога няма: маці памерла ад анкалогіі ў 2020-м, бацькі не стала ў 2019-м.
Цяпер і мужа не стала, і я засталася зусім адна. Паколькі мы абодва з мужам з'яўляемся грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, ніякіх выплат мне не належыць. Пакуль ён ваяваў, я знаходзілася ва Ўкраіне як жонка вайскоўца, а зараз у мяне няма ніякага легальнага статусу, такім чынам, я не магу працаваць афіцыйна. Але з'язджаць адсюль я не хачу, бо не магу застацца ўбаку ад таго, што адбываецца. Мне важна дапамагаць пабрацімам майго мужа і ўсяму падраздзяленню. А вярнуцца ў Беларусь з відавочных прычын не магу, таму збіраю дакументы для атрымання ВНЖ.
Нажаль, легалізацыя зацягваецца, і ў мяне проста няма грошай на аплату жылля і харчавання. Да таго ж дапамога адваката, каб зрабіць дакументы, таксама каштуе шмат. Цяпер жыву дзякуючы дапамозе баявых таварышаў майго мужа. Адчуваю сябе вельмі цяжка маральна. Але шмат у чым дапамагае маё асяроддзе: не ведаю, што б я рабіла без іх зусім адна. Буду ўдзячна ўсім, хто дапаможа мне ў такі складаны час.
Сума збору
€3000
€1500 – аплата жылля на чатыры месяцы
€800 – паслугі адваката і выдаткі на легалізацыю
€600 – выдаткі на ежу і побыт