Дапамога шматдзетнай сям'і былога палітвязня Антона Маслыкі пачаць новае жыццё ў Літве

  • Гісторыя

Добры дзень!
Мяне завуць Антон Маслыка.

Калісьці наша жыццё ў Беларусі было спакойным і цікавым. Я працаваў у Белэнэргасувязі, выступаў са сваім рок-гуртом «Невядомы маршрут», захапляўся броварствам і вінаробніцтвам. Мы з сям'ёй жылі недалёка ад Менска, хадзілі ў паходы, падарожнічалі па Беларусі, будавалі будучыню для сябе і сваіх траіх дзяцей. І вось надышоў 2020 год. У жніўні і верасні 2020 года мы выходзілі па нядзелях на мірныя маршы. Гэта была рэакцыя на несправядлівыя выбары прэзідэнта і на гвалт супрацоўнікаў сілавых структур у адносінах да грамадзян.

29 чэрвеня 2022 года нас з жонкай — яе завуць Кацярына — затрымалі на вачах у нашых маленькіх дзяцей, а пазней абодвух абвінавацілі паводле 342 артыкула (арт. 342 КК РБ — Актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) за ўдзел у мірных пратэстах у 2020 годзе. Я правёў за кратамі амаль паўтара гады, а маю жонку асудзілі на тры гады «хатняй хіміі».

«Хатняя хімія» — гэта від пакарання, калі асуджаны застаецца на волі, але з абмежаваннямі. У асуджанага ёсць графік як для працы, так і для асабістых спраў, у тым ліку паход у краму або выкід смецця. З праверкай міліцыянты могуць прыходзіць кожны дзень і ў любы час. Заўвага BYSOL.

У кастрычніку 2023 года я выйшаў з калоніі, і мы з жонкай і трыма дзецьмі пераехалі жыць у Смалявіцкі раён. Мы спадзяваліся, што жыццё за горадам адцягне нас, і праверкі жонкі, якая працягвала заставацца на «хатняй хіміі», будуць радзейшымі. Так спачатку і было. Але паступова наша новае жыццё зноў стала каціцца ў пекла.

Маю жонку ўвесь час пераследвалі праверкамі. Некалькі разоў праз нязначныя парушэнні (напрыклад, праз тое, што паехала з дзіцем да стаматолага з-за вострага болю, не дачакаўшыся дазволу следчага) яна адбывала суткі ў ІЧУ. Я вымушаны быў усё гэта назіраць, не маючы магчымасці неяк абараніць яе ад гэтага самавольства. Больш за тое, скажу, што мне ў калоніі было прасцей адбываць тэрмін, чым маёй жонцы «хатняй хіміі».

23 студзеня 2024 года да нас зноў прыйшлі сілавікі. Цяпер Кацярыну абвінавачвалі ў тым, што яна атрымлівала харчовую дапамогу ад ініцыятывы INeedHelp. У Каці ўжо было зафіксавана тры парушэнні, чацвёртае аўтаматычна ператварала «хатнюю хімію» ў рэальны тэрмін у калоніі. У той час многім людзям, якія праходзілі сведкамі па справе INeedHelp, прад'яўлялі крымінальнае абвінавачанне і бралі іх пад варту. Мы зразумелі, што гэтая сітуацыя скончыцца для Кацярыны калоніяй, і нашую сям'ю ў спакоі не пакінуць. Таму мы з жонкай і трыма непаўналетнімі дзецьмі прынялі рашэнне экстранна пакінуць родную краіну. Сабраліся за адзін дзень і з'ехалі. З сабой у нас было €120 на ўсіх і па заплечніку са зменным адзеннем. З дзецьмі і заплечнікамі мы пешшу перайшлі цераз мяжу. Было вельмі страшна, але, дзякуй Богу, мы хутка аказаліся на волі.

Цяпер мы ўсе знаходзімся ў Вільні і чакаем рашэння Дэпартамента міграцыі аб далейшым нашым знаходжанні тут. На працу ўладкавацца я не магу, бо ў мяне няма дазволу на жыхарства. Да ўсяго, ужо тут у Літве, мы даведаліся, што чакаем папаўнення. Вядома, мы вельмі гэтаму рады, але ў той жа час мы разумеем, што нашае становішча стала яшчэ цяжэйшым. Шчыра кажучы, мы разгубленыя і не ведаем, што чакае нас заўтра. Дзецям таксама маральна вельмі няпроста ў чужой краіне: новая школа, новая мова, новы дом.

Але я стараюся не здавацца. Паводле спецыяльнасці я электрык сістэм бяспекі, аднак бяруся за любую падпрацоўку: памочнікам сантэхніка, рознарабочым. Нядаўна ў Вільні я арганізоўваў канцэрт у падтрымку сваёй сям'і, каб сабраць крыху грошай. Нам па сілах дапамагаюць сябры і знаёмыя, але фінансавае становішча нашай вялікай сям'і жаласнае.

Я мару пачаць зноў варыць піва і вярнуцца да сельскагаспадарчай дзейнасці. Мы з жонкай вельмі энэргічныя і актыўныя людзі, і справімся з усімі цяжкасцямі. Але нам неверагодна цяжка і маральна, і матэрыяльна. Прашу дапамагчы нам устаць на ногі і пачаць новае жыццё на волі.

Сума збору 

€5000

€2500 — арэнда жылля для ўсёй нашай вялікай сям'і на 3 месяцы. Пасля мне павінны даць дазвол на працу і будзе прасцей
€1000 — самыя неабходныя рэчы для нашых дзяцей на першы час
€500 — вітаміны і лекі для жонкі падчас цяжарнасці
€1000 — вазок для немаўляці, ложачак, падгузнікі, сподняе і вопратка для малога

:
€ 5 142
Збор завершаны. Сабрана: € 5 142