Дапамога Антаніне Канавалавай: рэабілітацыя пасля 4,5 гадоў зняволення

  • Гісторыя

Прывітанне! На сувязі каманда збораў BYSOL. Сёння зноў з добрымі навінамі: некалькі дзён таму з Беларусі выехала Антаніна Канавалава, давераная асоба Святланы Ціханоўскай на выбарах 2020 года. І цяпер па яе просьбе мы адкрываем гэты збор.

За сваю пазіцыю Антаніна была арыштаваная і асуджаная на пяць з паловай гадоў зняволення. Яе муж, Сяргей Ярашэвіч, таксама апынуўся за кратамі. Іх дзеці, Ваня і Насця, былі вымушаныя з’ехаць з Беларусі разам з бабуляй і ўвесь гэты час заставаліся без бацькоў.

У калоніі Антаніна перанесла цяжкія ўмовы ўтрымання, якія моцна паўплывалі на здароўе – зрок пагоршыўся настолькі, што знаходзячыся ў калоніі, яна атрымала інваліднасць. Нягледзячы на ўсё, яна захавала сілу духу і веру ў лепшае. У сакавіку 2025 года ёй удалося выехаць у бяспечную краіну і ўпершыню за 1555 дзён абняць сваіх дзяцей.

Зараз Антаніна пачынае жыццё з нуля. З Беларусі ёй давялося з’язджаць толькі з дакументамі. Каб адаптавацца ў новай краіне і поўнасцю клапаціцца пра дзяцей, ёй неабходная наша падтрымка. Антаніне патрэбныя сродкі на базавыя рэчы: тэлефон і камп’ютар, каб яна магла вырашаць бытавыя пытанні, мець сувязь з лекарамі, знайсці працу і падтрымліваць кантакт з блізкімі.

Акрамя таго, у сям’і застаўся ў Беларусі любімы сабака, з якім дзеці былі эмацыйна звязаныя. Зараз важна ўз’яднаць усю сям’ю, уключаючы іх чацвераногага сябра, што патрабуе арганізацыі і фінансаў на транспарціроўку жывёлы.

Таксама ёй неабходна прайсці поўнае медыцынскае абследаванне – гады зняволення моцна падарвалі яе здароўе, але лекары даюць невялікі шанец на частковае аднаўленне зроку пры ўмове тэрміновай дыягностыкі і магчымай аперацыі.

Падтрымаўшы Антаніну, вы дапаможаце ёй аднавіцца пасля трагічнага досведу і атрымаць надзею на новае, мірнае жыццё побач з дзецьмі. Любы унёсак – гэта крок да справядлівасці, да аздараўлення і будучыні.

Сума збору

€6700

€1500 – забяспечыць неабходныя сродкі сувязі (тэлефон і камп’ютар) для інтэграцыі ў новае грамадства і падтрымання сувязі з блізкімі,
€2000 – прайсці медыцынскае абследаванне і лячэнне, асабліва для аднаўлення зроку,
€700 – арганізаваць транспарціроўку сабакі з Беларусі, з якой дзеці эмацыйна звязаныя,
€2500 – сродкі на жыццё і адаптацыю ў новай краіне.

Сабрана:
€ 1 279 з 6 700