Экс-палітзняволены пасля турмы вымушана эміграваў у Польшчу, але праз праблемы са здароўем востра мае патрэбу ў падтрымцы на час аднаўлення і працаўладкавання.
Мяне завуць Антон Сотнікаў. Я былы палітзняволены родам з Брэста.
Калі 7 красавіка 2025 года я выйшаў з турмы, мне далі яшчэ два гады прэвентыўнага нагляду. Гэта азначае жыццё пад пастаяннымі праверкамі і кантролем, а каб кудысьці паехаць, трэба атрымліваць дазвол.
Мяне судзілі па так званай «брэсцкай справе», і падчас чэргі судовых пасяджэнняў памерла мая бабуля. Яна была для мяне самым блізкім чалавекам, чалавекам, які замяніў мне маму. Чатыры з паловай гады зняволення ў калоніі узмоцненага рэжыму я жыў з каменем на сэрцы і марай прыехаць на яе магілу развітацца.
Знаходзячыся пад наглядам, я зрабіў запыт на дазвол, каб паехаць у Брэст, наведаць магілу бабулі, але дазволу мне не далі. Тады я самастойна і свядома паехаў без іх дазволу. На жаль, па дарозе мой твар быў распазнаны камерай са штучным інтэлектам. Мне далі штраф за парушэнне і пагражалі завесці новую крымінальную справу. Тое, што мяне ў бліжэйшы час зноў пасадзяць – было пытаннем часу.
Я выехаў спешна з краіны з дапамогай каманды эвакуацыі BYSOL у Польшчу і ўжо атрымаў статус бежанца. Аднак з гэтым статусам праца і здароўе па змоўчанні не выдаюцца.
Маё здароўе моцна пагоршылася пасля зняволення. Узімку рэзка апухла левае калена, я не мог нармальна хадзіць. Потым пачаліся праблемы з суставам у левым плячы. Затым мяне ўвогуле «паклала»: я амаль не мог хадзіць, як высветлілася, праз запаленне спінамазгавога нерва (пацярпелі ўсе нервовыя канчаткі па левым баку цела). У ШІЗА я заўсёды спаў на левым баку. Холад, бетон, стрэс, пастаяннае напружанне – усё гэта потым вылезла.
Гэтае запаленне не лечыцца за адзін дзень: патрэбныя лекі, курс масажу і час на аднаўленне. Амаль усё, што змог зарабіць і сабраць, пайшло на лекі, абследаванні і ежу. Працаваць паўнавартасна я не мог. Грошай сыходзіла ўсё больш, а зарабляць столькі ж ужо не атрымлівалася.
Да затрымання я працаваў на будоўлі, і такую працу можна знайсці ўсюды. Але на дадзены момант стан здароўя мне не дазваляе ўладкавацца на цяжкую фізічную працу. Бесчалавечныя ўмовы калоніі і рэгулярныя суткі ў ШІЗА далі аб сабе знаць.
Я прашу падтрымаць мяне на перыяд лячэння і аднаўлення. Калі б мог нармальна працаваць, я б не прасіў дапамогі. Цяпер мая задача – утрымацца, не зламацца пасля турмы, аднавіць здароўе, знайсці працу і зноў стаць самастойным чалавекам. Любая дапамога зараз дасць мне магчымасць захаваць дах над галавой, аплаціць самае неабходнае і наладзіць сваё жыццё ў чужой краіне.
Сума збору
€2100
€1200 – арэнда жылля і камунальныя выдаткі
€500 – прадукты, бытавыя выдаткі і транспарт
€400 – лекі, абследаванні і аднаўленне пасля праблем са спіной, нервам і суставамі
