У канцы лістапада некалькі невядомых людзей уварваліся на маю дачу, дзе я жыла з лета. Мне была прад'яўленая пастанова аб ператрусе, у якой былі пералічаныя некалькі дзясяткаў артыкулаў. Адразу канфіскавалі тэлефон, прымусілі даць паролі. Пачалі шантажаваць мяне негатыўнымі наступствамі для маіх сваякоў. Адзін аператыўны супрацоўнік увесь час прапаноўваў прызнацца ва ўдзеле ў пратэстным чаце раёна ў розных варыянтах, паказаўшы пры гэтым скрыншот з гэтага чата з маім акаўнтам.
Пасля яшчэ аднаго ператрусу ў кватэры мяне прывезлі ў памяшканне УКДБ па Менскім раёне, дзе я правяла некалькі гадзін. Нічога ад мяне не дамогшыся, мне далі падпісаць нейкі апытальны ліст, дзе я ўказала, што ў маршах не ўдзельнічала, газету не распаўсюджвала, у чаяваннях раённых не ўдзельнічала і г.д. Пасля гэтага мяне даставілі ў РУУС Завадскога раёна, дзе, неправамерна, абвінавацілі па арт. 19/01 у «хуліганстве», а затым адвезлі на Акрэсціна.
На наступны дзень там жа адбыўся суд па скайпе. Я хадайнічала ў судзе аб удзеле адваката, хадайніцтва было задаволена. У судзе я патлумачыла, як усё было насамрэч, але ні мае тлумачэнні, ні аргументы адваката — суд не прыняў. Было вынесенае рашэньне аб арышце мяне на 15 сутак.
Умовы ўтрымання ў ЦІП: у 2-х мясцовай камеры на піку знаходзілася 18-20 чалавек, у тым ліку 3-х бяздомных, адна з якіх пакутавала нетрыманнем мачы. У камеры адсутнічалі матрацы, коўдры, падушкі, бялізна, увесь час гарэла святло, было забаронена днём ляжаць і сядзець на металічных прутах ложкаў, 16-20 чалавек днём маглі толькі сядзець на падлозе, стале, лаўках, а ноччу — там жа спаць. Кожную ноч па 2 разы прымушалі паднімацца і стаяць некалькі хвілін. Днём нельга было ляжаць нідзе.
Пасля мяне этапавалі ў ІЧУ Магілёва, дзе змясцілі ў камеру без вады ў кране і каналізацыі. Калі я ўбачыла гэтыя ўмовы, у мяне здарыўся нервовы зрыў. У дзень этапу я з раніцы не ела і не піла, была вельмі хворая. У выніку 15 сутак арышту я цалкам страціла голас, развілася моцная форма бранхіту, запаліліся ныркі, была вельмі моцна абязводжана. За ўвесь час арышту, на просьбы аказаць мне медыцынскую дапамогу — атрымлівала адмову. У час знаходжання я моцна падарвала сваё здароўе: у мяне пачаліся праблемы з ныркамі і зрокам.
У Беларусі маё здароўе і маё жыцьцё знаходзіліся пад пагрозай. Мяне падазраюць у пратэстнай дзейнасці, пацверджанне таму знайшлі ў маім тэлефоне. З-за гэтага пераследу я была вымушана пакінуць Беларусь. Я мяркую, што цяпер у адносінах да мяне могуць весціся аператыўна-вышуковыя дзеянні. Падставы для гэтага ў іх ёсць.
Цяпер я знаходжуся ў Гданьску, часова жыву ў знаёмых і шукаю пакой у арэнду. Уладкавацца на працу пакуль не магу па стане здароўя. Мне неабходны медыцынскае абследаванне і медыцынская дапамога. Буду ўдзячна кожнаму за падтрымку ў вельмі складаны перыяд.