Дапамога пачаць новае жыццё валантэрцы, якая працавала з сем'ямі палітвязняў

Легендаваны збор
Збор вядзецца на атрымальніка ў Беларусі і легендаваны ў мэтах бяспекі.
  • Гісторыя

Добры дзень.

На жаль, я не магу паведаміць вам свайго імені, бо збегчы ад рэжыму з усёй сям'і атрымалася пакуль толькі мне. Нядаўна мой муж выйшаў з калоніі. Але мы зноў разлучаныя абставінамі.

Мой муж быў арыштаваны за ўдзел у мірных пратэстах 9-10 жніўня 2020 года праз некалькі тыдняў. Яго скаралі на зняволенне ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Тады я і падумаць не магла, што ён адседзіць цалкам ўвесь тэрмін! На момант арышту мы яшчэ не былі жанатыя, але такая цяжкая сітуацыя нас вельмі зблізіла, і мы распісаліся ў СІЗА. У гэты важны для любой сям'і момант нам не дазволілі нават абняцца. Увесь час нашага расстання я мільён разоў уяўляла, як мы сустрэнемся пасля яго вызвалення. Але рэжым разбурыў нашыя планы. Я вымушана была пакінуць Беларусь, баючыся крымінальнага пераследу. Я не паспела дачакацца мужа ўсяго некалькі дзён да яго вызвалення.

Пакуль муж быў у калоніі, усе фінансавыя цяжкасці па яго падтрымцы ў зняволенні ўпалі на мае плечы. Я спраўлялася толькі дзякуючы дапамозе неабыякавых беларусаў. Калі перадавала чарговую перадачу мужу, каля СІЗА пазнаёмілася з такімі ж людзьмі як і я, — у многіх забралі або мужа, або сына, або дачку. У той момант я зразумела, што толькі трымаючыся разам, мы зможам прайсці цяжкі шлях, які нам выпаў. З ідэяй сабраць усіх сваякоў разам я звярнулася ў адну з праваабарончых арганізацыяў, і яны мяне падтрымалі. У мяне не было спецыяльнай адукацыі ці досведу валантэрства, але я рабіла ўсё, што магла: арганізоўвала бяспечны абмен інфармацыяй паміж фондамі і сем'ямі палітвязняў, наведвала сем'і палітвязняў, ажыццяўляла каардынацыю валантэраў.

Мы планавалі з мужам з'ехаць разам пасля яго вызвалення. За месяц да ад'езду мой тэлеграм-акаунт спрабавалі ўзламаць некалькі разоў. Я разумела, што знаходжуся ў небяспецы, але як і многія спадзявалася, што мяне не закране. Знаёмы, якому я давяраю, папярэджваў мяне двойчы. Першы раз паведаміў аб тым, што я знаходжуся ў распрацоўцы і павінна быць максімальна асцярожнай. Другі раз сказаў тэрмінова з'яжджаць. Трэці раз мяне папярэджваць ужо не трэба было. Я сабрала рэчы, што былі пад рукой, і з'ехала ў Польшчу. Там мяне прытулілі знаёмыя беларусы. А праз некалькі дзён пасля майго ад'езду я даведалася, што да мяне дадому прыйшлі з ператрусам. Папер не падалі. Але намякнулі блізкім, што «я мушу адказаць за свае дзеянні» — мелася на ўвазе мая дапамога сем'ям палітвязняў і шматлікія інтэрв'ю «экстрэмісцкім» медыя.

Мне невыносна, што я не побач з мужам і не магу яго падтрымаць. А цяпер я і сама вымушана звярнуцца па дапамогу. Апынуўшыся ў Польшчы, я была ўпэўнена, што змагу знайсці добрую працу і хутка вывучыць мову. Аднак я сутыкнулася з праблемай адаптацыі, давялося звяртацца да псіхолага. Цяпер я жыву ў кватэры ў знаёмых, але хутка мне трэба будзе з'ехаць. Тую працу, што ў мяне тут была, я страціла праз скарачэнне і цярер актыўна шукаю больш надзейны спосаб заробку. Для гэтага мне трэба атрымаць дадатковыя веды, на якія няма вольных грошай. Нават на простыя побытавыя рэчы не хапае. Мне даводзіцца пачынаць усё нанова, і пакуль я фінансава не спраўляюся.

Я буду ўдзячна вам за любую дапамогу!

Сума збору

€1500

€600 – на аплату жылля на два месяцы
€500 – на адукацыйныя і моўныя курсы
€250 – на побытавыя выдаткі
€150 – на медыцынскія паслугі

:
€ 1 500
Збор завершаны. Сабрана: € 1 500