Дапамога сям'і былых палітзняволеных, якія апынуліся з нованароджаным дзіцём у Літве

Легендаваны збор
Збор вядзецца на атрымальніка ў Беларусі і легендаваны ў мэтах бяспекі.
  • Гісторыя

Дарагія сябры!
Мы хочам даць слова Андрэю і Ганне — былым палітзняволеным, якія знаходзіліся ў гарадзенскай турме больш за паўгода па справе аб удзеле ў мірных пратэстах у 2020 годзе. Потым змаглі выехаць у Літву, і тут у іх нарадзілася дзіця. Муж і жонка небеспадстаўна асцерагаюцца за сваіх блізкіх, таму гэты збор мы вырашылі рабіць ананімным. Таксама ў мэтах бяспекі некаторыя дэталі іх гісторыі мы будзем мяняць. Перадаем слова Андрэю.

Калісьці даўно, у 1996 годзе, я напісаў першую сваю аповесць аб катастрофе на Чарнобыльскай АЭС, сведкам якой я быў, і ў выніку чаго маёй сям'і давялося пакінуць Радзіму, тэрмінова з'яжджаць, ратуючыся ад смерці.

У мяне не было магчымасці тады выдаць сваю аповесць – гэта было немагчыма ні тэхнічна, ні ў сілу абстаноўкі ў краіне. Таму мне давялося захоўваць рукапісы амаль дзесяць гадоў, пакуль я не сустрэў журналістку з Італіі, якая дапамагла з перакладам на італьянскую мову і выдавецтвам гэтай аповесці за мяжой. Так з'явілася мая першая аповесць «назву мы схавалі ў мэтах бяспекі — нататка BYSOL», якая ўвайшла ў школьную праграму старэйшых класаў многіх школ на поўначы Італіі.

Пазней я выдаў гэтую аповесць на расейскай мове, але не мог яе выдаць у Беларусі з прычыны забароны дадзенай тэматыкі для выдаўцоў.

Сёння, праз 38 гадоў, мы з сям'ёй зноў вымушаны пакінуць свой дом, ратуючы свае жыцці, бо ў нашу Беларусь зноў прыйшла бяда. І калі ў 1986 годзе трагедыя аварыі на Чарнобыльскай станцыі спарадзіла нябачнае зло – радыяцыю, то цяпер, гэта рэальныя людзі, якія здзяйсняюць злачынствы і генацыд у дачыненні да народа Беларусі.

Я не магу сабе нават уявіць, што ў наш час адны людзі могуць здзяйсняць падобнае з іншымі людзьмі. Я не магу зразумець, навошта мяне, дарослага мужчыну, закаванага ў кайданкі ў распятым і бездапаможным стане, паставілі галавой да сцяны і пачалі збіваць рукамі і нагамі… супрацоўнікі міліцыі, якія па ўзросце падыходзяць мне ў сыны…. Адкуль у іх гэтая жорсткасць і самае галоўнае — я не разумею, ЗА ШТО?…...

Мне выбілі частку зубоў, пашкодзілі ўнутраныя органы і рэбры. Пабоі былі настолькі моцныя, што нават праз 5 дзён пры пераводзе мяне з ІЧУ ў Турму №1 горада Горадні, лекар на аглядзе, убачыўшы сляды пабояў на ўсім целе, адмаўляўся прыняць мяне ад канвою.

Мой розум крычаў, калі я чуў аповед сваёй жонкі, праз што яна прайшла на ІЧУ. Яна ўмольвала адправіць яе ў турму, паколькі не магла вынесці больш катаванні ў ІЧУ. Яна да гэтага часу плача пры найменшым згадванні аб гэтым.

У гарадзенскай турме мы знаходзіліся больш за 6 месяцаў. Гэта быў самы складаны час і выпрабаванне. Ведаць, што недзе побач  ў камеры знаходзіцца твой каханы чалавек і падвяргаецца катаванням і здзекам, а ты нічога не можаш зрабіць — гэта невыносны боль, праз які я кожную ноч не мог спаць, і гэты боль нікуды не падзеўся праз месяцы пасля турмы.

Я стараўся знайсці магчымасць хоць неяк падбадзёрыць сваю жонку. Я хаваў цыдулкі і пакідаў для яе адмысловыя знакі, зразумелыя толькі нам, прасіў сваіх сукамернікаў перадаваць інфармацыю. Я рабіў усё, што магчыма, каб падтрымаць жонку.

У казематах турмы знаходзілася мноства вартых і вядомых палітыкаў, журналістаў, актывістаў і проста сапраўдных беларусаў, з якімі мы перасякаліся ў турме №1 г. Горадні. Нажаль, гэтыя сцены бачылі мноства гора і смерцяў, сведкамі чаму мімаволі сталі і мы, знаходзячыся ў яе засценках працяглы час.

Я ўзгадваю нямыя крыкі матулі-жонкі святара Любові Разановіч, якая праходзіла па справе Мікалая Аўтуховіча. Да яе ўсе ставіліся як да вар'яткі, хоць складана заставацца нармальным, калі ўся твая сям'я, у тым ліку і муж і сын Павел, знаходзіцца ў турме, а цябе з першага дня ўвесь час трымаюць у кайданках.

Я ўзгадваю Ўладзімера Гундара – інваліда без нагі, якога наўмысна змясцілі ў камеру на трэцім паверсе, дзе дзірка ў падлозе замест унітаза. Уладзімер не мог нават нармальна без дапамогі сукамернікаў спраўляць патрэбу. Ён адмаўляўся ад удзелу ў судах, і яго часта проста цягнулі па калідорах – па бетоне – практычна без адзення і змяшчалі ў клетку 0.8х-0.8м. Там ён падоўгу стаяў на адной назе.

Я ўзгадваю Андрэя Пачобута, які сустрэў мяне ўсмешкай, спрабуючы надаць мне ўпэўненасці. Толькі потым я даведаўся, што Андрэю пагражае вялізны тэрмін праз тое, што ён не пайшоў на здзелку.

Вы ведаеце, як выносяць мёртвых з Гарадзенскай турмы?.. Загорнутымі ў тую ж коўдру, на якой яны паміралі. Нават не на насілках, бо яны не праходзяць на лесвіцы. Так выносілі Алеся Пушкіна, мастака Руслана Карчаулі і многіх іншых, чыіх імёнаў мы пакуль не ведаем.

Фізічна і маральна людзі стамляюцца ад пастаянных пакутніцкіх умоў, калі ўзімку ў жудасны холад у камерах вымыкаюць ацяпленне, і людзі проста замярзаюць і жудасна крычаць, ад унутранага болю, ад адсутнасці медыцынскай дапамогі і здзекаў. Многія з іх не дажывуць да вызвалення.

Цяпер я разумею, што мой выбар паміж нянавісцю і прабачэннем ужо вызначае маю новую рэальнасць пасля ўсяго перажытага намі. Ці ёсць у маім сэрцы месца для нянавісці, злосці і пачуцця помсты? – Не. Ці прабачыў я сваіх катаў? – Не, і ніколі не прабачу.

Я пішу гэтыя радкі, знаходзячыся ўжо некалькі месяцаў у бяспецы, здолеўшы эвакуавацца з краіны з дапамогай валантэраў ВYSOL. Мы пакуль яшчэ не ачунялі ад усіх падзей, у якія акунула нас жыццё, і не ведаем, чым можам дапамагчы нашай краіне, якая падвяргаецца тэрору і генацыду. Але мы пастараемся зрабіць тое, што ў нашых сілах.

Мы вельмі ўдзячныя кожнаму з Вас за тое, што Вы рабілі ўсе гэтыя гады для людзей, якія патрапілі ў цяжкую сітуацыю. За тое, што ў такія складаныя перыяды, якія выпалі Вам, Вы выстаялі і захавалі адкрытымі сэрцы. Дзякуем за своечасовую дапамогу, падтрымку і надзейнасць каманды BYSOL і ўсім, хто дапамог нам эвакуавацца.

Мы спадзяемся, што жыццё стане лепшым і ў ім не застанецца месца для тэрору, гвалту і катаванняў, што мы станем больш сталымі і мудрымі і будзем разам рухацца да нашай агульнай перамогі, перамогі жыцця над жахам тыраніі.

Месяц таму ў нас нарадзіўся сын БЕЛАРУС, а гэта значыць, што жыццё працягваецца, нягледзячы ні на якія выпрабаванні.

Нам неабходна дапамога на першы час з жыллём і сацыялізацыяй. На дадзеным этапе нам трэба сабрацца з сіламі і зноўку навучыцца дыхаць. А пасля, мы абавязкова знойдзем магчымасць сказаць Вам дзякуй.

Былыя палітзняволеныя, Андрэй і Ганна.

Сума збору

€5000

€2000 – дапамога з аплатай выдаткаў на дзіця,
€2000 – арэнда жылля на першыя некалькі месяцаў,
€400 – выдаткі, звязаныя з легалізацыяй (страхоўкі, візы, пераклады дакументаў),
€600 – бытавыя і непрадбачаныя выдаткі на першы час

:
€ 5 038
Збор завершаны. Сабрана: € 5 038