Добры дзень! Я б хацеў расказаць сваю гісторыю больш падрабязна, але, на жаль, не змагу. Мае бацькі, якія знаходзяцца ў Беларусі, спазналі пераслед за ўдзел у пратэстах. І каб не прыцягваць да іх лішняй ўвагі, я пастараюся пазбягаць дэталяў.
Пачалося ўсё ў 2020 годзе. Мне тады было менш за 20 гадоў, і я рады, што да таго моманту атачэнню і блізкім удалося сфармаваць ува мне нармальны светапогляд. Людзям надакучыла цярпець дыктатуру, і мне пашанцавала быць сярод іх. Мы думалі, што робім усё, што ад нас залежыць, але гэтага не хапіла.
У 2021 годзе мяне затрымалі. Спачатку мяне доўга трымалі ў следчым ізалятары, а потым асудзілі на 3 гады калоніі.
Больш за два гады я правёў у няволі. Увесь гэты час я назіраў, як сапраўдных злачынцаў – злодзеяў, забойцаў і гвалтаўнікоў – ставяць вышэй за палітвязняў. На кожнага з нас навесілі кляймо «экстрэміста», ахрысціўшы жоўтай біркай. Увесь час абражалі, здзекаваліся і запалохвалі. Шмат каму з нас павялічвалі тэрміны з надуманых прычынаў, а некаторых пераводзілі на турэмны рэжым. Я і сам частку тэрміна правёў у штрафным ізалятары за нязначныя парушэнні.
Аднак нягледзячы на ўвесь боль, большасць з нас працягвала верыць, што ўсё гэта хутка скончыцца. Шмат разоў я чуў (і казаў) аптымістычную фразу «да канца тэрміну дакладна не дасядзім». Мы падтрымлівалі адзін аднаго, хоць і зносіны паміж палітвязнямі часта расцэньваліся як размова на палітычныя тэмы, што лічылася адным з грубых парушэнняў.
Пасля вызвалення я пачаў працаваць у сферы мантажу інжынерных сістэм. Пры гэтым я разумеў, што ў роднай краіне я не змагу нармальна ўладкавацца, бо за некалькі дзён да выхаду на волю мне прызначылі прэвэнтыўны нагляд.
Прэвентыўны нагляд – гэта мера кантролю, якая прымяняецца да людзей пасля іх вызвалення. Яна ўключае рэгулярную праверку з боку супрацоўнікаў міліцыі, забарону на ўдзел у пэўных мерапрыемствах, забарону на выезд з краіны і горада, абавязак паведамляць аб змене месца жыхарства і працы. Могуць быць накладзены дадатковыя абмежаванні.
Заўвага BYSOL.
Было цяжка бачыць, як змянілася мая краіна, пакуль я знаходзіўся ў калоніі. Усе падзяліліся на два лагеры. Першыя – лукашысты-крывадушнікі, якія крычаць аб патрыятызме, падтрымліваючы рэпрэсіі ў Беларусі і вайну ўва Ўкраіне. Другія — звычайныя людзі, якім даводзіцца пакорліва маўчаць, каб не апынуцца за кратамі ці не патрапіць пад дубінку чарговага адурэлага ад улады «вартаўніка парадку». Балюча ўсведамляць, што цяпер робіцца ў Беларусі.
Не так даўно мы з жонкай пераехалі ў Польшчу і ўжо не можам вярнуцца назад, бо дома на мяне завялі новую крымінальную справу. Тут я вучу мову, стараюся ўліцца ў грамадства і актыўна развіваюся ў сваёй прафесіі. Я хачу давесці, што нас — беларусаў — не зламаць, нягледзячы ні на што. Мы будзем будаваць нашу будучыню і адстойваць нашу ідэнтычнасць, няхай і за межамі роднай краіны.
Аднак вымушаная эміграцыя – гэта вельмі складаная справа. І мне патрэбная дапамога, каб адчуць цвёрдую глебу пад нагамі. Мне неабходна купіць прыладу для працы, каб я мог працаваць у сваёй сферы. Акрамя гэтага — жыллё, ежа і бытавыя выдаткі, пакуль я не выйду на стабільны даход.
Я прыкладваю ўсе сілы і часам працую па 15 гадзін на суткі, каб усё атрымалася, але гэтага можа не хапіць. Таму прашу вашай падтрымкі.
І дзякуй за ўсё, што вы робіце. Гэта сапраўды важна!
Сума збору
€3500
€1500 – арэнда жылля і аплата камунальных паслуг на першыя 3 месяцы
€750 – ежа і бытавыя выдаткі на першы час
€950 – інструмент, неабходны для працы
€300 – афармленне дакументаў і страхоўка