Я родам з Нясвіжа. У 2020 годзе, калі Беларусь выйшла на вуліцы, я стаў валанцёрам у «Вясне» і дапамагаў тым, хто трапіў пад рэпрэсіі. Тады здавалася – калі мы не падтрымаем адно аднаго, нас ніхто не падтрымае.
А потым настаў мой час.
У кастрычніку 2020 года мяне затрымалі супрацоўнікі ГУБАЗіКа. Паўтара года мяне спрабавалі абвінаваціць ва ўдзеле ў масавых беспарадках. Нічога не атрымалася. Але знайшлі іншыя артыкулы: удзел у злачыннай арганізацыі, распальванне сацыяльнай варожасці, і нават – апаганьванне збудаванняў – за графіці супраць Еўрапейскіх гульняў 2019 года.
Сваю віну я не прызнаў.
Але 6 верасня 2022 года мяне асудзілі на 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму і штраф у 500 базавых велічынь. Пазней Вярхоўны суд выключыў адзін артыкул, але тэрмін амаль не змяніўся. Адбываць пакаранне я паехаў у Івацэвічы, у ПК №22. Я павінен быў выйсці 18 красавіка 2025 года.
Але замест волі мяне зноў чакалі супрацоўнікі ГУБАЗіКа. З прымяненнем сілы мяне вывезлі на допыт па новай «палітычнай справе». Фармальна – як сведку. Але ў Беларусі сведка можа ў любы момант стаць абвінавачаным.
Пазней суд прызнаў мяне злосным парушальнікам рэжыму, усталяваў прэвентыўны нагляд* на 18 месяцаў і забараніў выезд з краіны. Мяне ўключылі ў экстрэмісцкі і тэрарыстычны спісы.
Гэта значыць, што я не магу атрымаць нават звычайную банкаўскую картку. Афіцыйна ўладкавацца на працу – немагчыма. Зняць жыллё – таксама. А калі ты беспрацоўны – зноў артыкул.
Я зразумеў, што жыць у такіх умовах немагчыма. І вырашыў уцякаць.
Цяпер я ў бяспецы (вялікі дзякуй BYSOL, якія дапамог мне выехаць). Але мне вельмі цяжка. За плячыма – гады ціску, турмы і прыніжэнняў. Наперадзе – невядомасць. Мне трэба аднавіцца пасля амаль пяці гадоў у зняволенні, знайсці жыллё, падлячыцца і наноў навучыцца быць у свеце, дзе можна дыхаць.
Я прашу вашай дапамогі. Проста каб выжыць у гэты пераходны момант. Каб сабрацца, прыйсці ў сябе, пачаць з пачатку.
Дзякуй вам за ўдзел.
– Андрэй Чэпюк
*Прэвентыўны нагляд – гэта форма кантролю, якая ўжываецца да былых палітвязняў пасля іх вызвалення. Яна прадугледжвае абавязковую рэгістрацыю ў міліцыі, рэгулярныя адзнакі, абмежаванні на перамяшчэнне і ўдзел у грамадскім жыцці. Гэтая мера значна абмяжоўвае свабоду былых зняволеных, фактычна працягваючы для іх умовы несвабоды нават пасля адбыцця асноўнага пакарання.
Сума збору
€1500
€800 – арэнда жылля на 2 месяцы;
€400 – прадукты і патрэбы на 2 месяцы;
€300 – дакументы і базавая легалізацыя.