Палітэмігранта ў Польшчы збіла машына. Ён просіць дапамогі на час аднаўлення

  • Гісторыя

Мяне клічуць Андрэй Сікідзін, мне 52 гады, я з Пінска. Яшчэ ў траўні 2020 года, разам з іншымі пінчукамі, мы пачалі арганізоўваць сустрэчы, мітынгі. 9 жніўня, пасля закрыцця выбарчых участкаў, мы выйшлі да гарвыканкама, дзе адбылося сутыкненне з міліцыяй.

Уначы верталётамі ў Пінск прыляцеў мінскі АМАП і пачаліся жорсткія затрыманні. Мяне таксама схапілі і адвезлі ў гараддзел міліцыі. Усіх нас, гэта былі дзясяткі чалавек, змясцілі ў ціры Пінскага ГАУС. Трое сутак нас збівалі супрацоўнікі мясцовай міліцыі. Потым было судзілішча, на якім мне прысудзілі штраф 20 базавых велічынь. Я падпісаў пратакол і быў выпушчаны: збіты, адзенне падранае, адна рука была моцна пашкоджана.

Пасля пачаўся прэсінг. Прыходзілі дадому, шукалі, тэлефанавалі, выклікалі ў міліцыю. Сілавікі прыходзілі да суседзяў, пасля прыехалі на працу. Гаспадар будоўлі, дзе я працаваў, сказаў, што «яму праблемы не патрэбныя» і звольніў мяне. У адзін момант я застаўся без працы, разумеючы, што «закрыць» мяне могуць у любы момант, таму вырашыў з'язджаць з краіны.

У снежні 2020 года я з'ехаў ва Украіну, потым у Польшчу. Тут, у Варшаве, падаў на міжнародную абарону. У снежні 2021 года я яе атрымаў, відаць, у сувязі з тым, што да гэтага моманту, у Беларусі на мяне была заведзеная крымінальная справа.

У Польшчы я адразу пайшоў працаваць: на будоўлю, потым уладкаваўся ў дастаўку ежы. За ўвесь час, гэта значыць, за чатыры з паловай гады, не прасіў і не атрымліваў ніякай дапамогі.

15 мая 2025 года, калі я дастаўляў чарговую замову на скутэры, мяне збіла машына. Кіроўца нават не спыніўся, каб дапамагчы мне, з'ехаў з месца аварыі. Ішоў дождж, дарога была размытая, нумары машыны вінаватага ў ДТЗ я не разглядзеў, бо знаходзіўся ў стане шоку. Сам дабраўся да бальніцы. Мяне адразу паклалі ў хірургію і зрабілі аперацыю ў сувязі са шматлікімі пераломамі. У маю руку на год уставілі металічную спіцу.

Тры месяцы я правяду ў гіпсе, аб працы не можа быць гаворкі. Раней я мог сябе сам забяспечваць, дапамагаў сябрам, чым мог, а цяпер гэта фізічна немагчыма.

Прашу дапамагчы мне перажыць гэты цяжкі перыяд жыцця і аднаўленні. У мяне няма зберажэнняў, няма страхоўкі. Усё, што мне востра неабходна – гэта аплата інтэрната, ежа, лекі і перавязкі. Буду ўдзячны кожнаму, хто мяне падтрымае!

Сума збору
€2500

€1000 – медыцынская рэабілітацыя і лекі
€750 – харчаванне і бытавыя выдаткі
€ 750 – арэнда жылля на 3-4 месяцы
 

Сабрана:
€ 15 з 2 500