Андрэй два гады эвакуіраваў параненых з фронту, пакуль хвароба не зваліла яго проста на дзяжурстве. Пасля некалькіх аперацый дактары прызначылі яму лячэнне ў санаторыі, каб ён мог вярнуцца ў строй. Але ў Андрэя няма грошай, каб аплаціць лячэнне.
Мяне завуць Андрэй, я беларускі дабраахвотнік.
У 2025 годзе, проста на баявым дзяжурстве, у мяне пачалася почачная коліка. Пайшоў камень, і за хвіліну мяне проста вырубіла. Я сам гадамі вывозіў параненых, а тут эвакуіраваць прыйшлося ўжо мяне.
Але пачну з пачатку.
У 2021 годзе па мяне прыехалі сілавікі. З’ехаць атрымалася літаральна цудам, пакінуўшы ўсё. Мне яшчэ доўга тэлефанавалі, бралі «на слабо»: выйдзі, пагаворым. Ужо з-за мяжы я сам ім патэлефанаваў, каб яны перасталі пераследаваць людзей праз мяне, бо я ўжо не ў Беларусі.
У эміграцыі я пачаў жыццё нанова, знайшоў працу. А потым даведаўся, што на мяне завялі крымінальную справу. За нейтральны каментарый пра справу Зельцэра. Мяне абвясцілі ў вышук.
Калі Расія пачала паўнамаштабнае ўварванне ва Ўкраіну, я прайшоў ваенныя курсы. Думка паехаць туды была заўсёды, і ў 2023 годзе я прыехаў у Полк Каліноўскага. Гэта падраздзяленне беларускіх дабравольцаў, якія ваююць за Ўкраіну. Я веру, што без свабоднай Украіны не будзе і свабоднай Беларусі.
Пасля базавай падрыхтоўкі я сам папрасіўся ў баявое падраздзяленне. Потым стаў вадзіцелем эвакуацыйнай машыны: разам з медыкам выязджаў да лініі фронту і забіраў параненых. Служыў на розных кірунках.
Калі мяне зваліла хвароба, было лячэнне, дзве няўдалыя аперацыі і толькі трэцяя паспяховая. Адпачынак пасля медкамісіі я не дагуляў: напісаў рапарт і вярнуўся на службу датэрмінова.
Але на эвакуацыю я больш не пайшоў. Прыступ можа здарыцца раптоўна, і калі ён заспее мяне ў дарозе за параненымі, то ратаваць прыйдзецца мяне, а хлопцы будуць чакаць. Я не мог так падвесці людзей.
Таму я перайшоў у медыцынскую лагістыку: вазіў параненых пабрацімаў па шпіталях і на медкамісіі. Узімку месяц жыў у намётавым лагеры, у маразы да мінус трыццаці градусаў. Хворых было вельмі шмат, я кожны дзень вазіў іх у шпіталі і назад, і ў выніку захварэў сам. Думаю, тады здароўе канчаткова і падарвалася. Пасля той зімы зноў пайшоў камень, і мне зрабілі яшчэ адну аперацыю.
Цяпер я праходжу ваенна-лячэбную камісію, якая вырашыць, ці магу я служыць далей. Доктар прызначыў мне лячэнне ў бальнеалагічным санаторыі. Там лечаць мінеральнымі водамі і працэдурамі і спецыялізуюцца менавіта на ўралогіі і мочакаменнай хваробе. Гэта дапамагае аднавіцца пасля аперацый і знізіць рызыку новых прыступаў.
Для мяне гэта шанец аднавіцца і вярнуцца на службу. Але аплаціць лячэнне самастойна я не магу.
Буду вельмі ўдзячны за любую дапамогу.
Сума збору
€1100
на лячэнне ў бальнеалагічным санаторыі: пражыванне, працэдуры і дарогу
