Добры дзень!
Мяне клічуць Арцём Мядзведскі. Я былы палітвязень.
За ўдзел у пратэстах я быў асуджаны на 3 гады «хіміі» з накіраваннем* у ПУАТ-45 у Камянецкім раёне, дзе мяне ў прымусовым парадку вызначылі на пасаду жывёлавода 5 разраду «МТК** Каралін». Я ўсё жыццё працаваў у рэстаранным бізнэсе, рабіў сушы і працаваць жывёлаводам на ферме не збіраўся. Аднак я вымушаны быў падпарадкавацца. Маю адмову ад распараджэння адміністрацыі ПУАТ зраўнавалі б да парушэння, і маглі замяніць «хімію» на калонію.
Перспектыва апынуцца ў калоніі мяне палохала. Але з чым я сутыкнуўся на гэтай ферме, я не мог сабе ўявіць і ў страшным сне. Вакол былі абсалютна антысанітарныя ўмовы, здохлых жывёл хавалі проста за кароўнікам. Пітной вады не было. З майго заробку вылічалі грошы за спецвопратку, хоць і не мелі на гэта права.
Пра тое, наколькі гэта зневажальная, цяжкая і няўдзячная праца ў Беларусі, я таксама раней не ведаў. Пры дапушчальных 70 працоўных гадзінах у тыдзень, мы былі вымушаныя працаваць па 200 і больш гадзін. Рабочы дзень пачынаўся ў 04:30 і заканчваўся ў 22:30 шэсць дзён у тыдзень.
На момант арышту мне было 23 гады, я быў малады і моцны чалавек. Але ў такіх бесчалавечных умовах працы я надарваў сваё здароўе. А мае просьбы аб медыцынскай дапамозе адміністрацыяй абсалютна ігнараваліся. Калі за нізкія паказчыкі начальнік аператыўнага аддзела мяне збіў, мой знясілены непасільнай працай арганізм амаль здаўся. Я зразумеў, што не вытрымаю здзекаў і проста тут памру. Таму прыняў рашэнне збегчы.
Аднак мяне даволі хутка злавілі. Як пакаранне за спробу ўцёкаў рэжым «хіміі» мне замянілі на пазбаўленне волі. Я быў накіраваны ў калонію «Ваўчыныя норы», дзе адбыў тэрмін да канца і больш за дзесяць разоў мяне кідалі ў карцэр па розных надуманых прычынах.
Я не пакідаў думкі з'ехаць у Польшчу, разумеючы, што гэта маё выратаванне ад пераследу ў Беларусі. Пасля вызвалення я эвакуіраваўся толькі з другога разу. У Беластоку мяне прытуліў знаёмы, з якім мы адбывалі тэрмін. Але доўга карыстацца дабрынёй такіх жа бежанцаў, як і я, мне сорамна.
Я займаюся легалізацыяй і планую знайсці працу і падпрацоўку. Але зараз я ў вельмі цяжкім фінансавым становішчы. Выязджаў з краіны з лёгкім заплечнікам і ўзяў з сабой толькі самае неабходнае. Я прашу вашай дапамогі, каб арэндаваць жыллё, купіць абутак, адзенне і заняцца здароўем. Тут у Польшчы мяне чакае хутчэй за ўсё фізічная праца, і мне трэба прыйсці ў сябе пасля ўсіх выпрабаванняў.
Я вельмі прашу вас дапамагчы мне наладзіць маё жыццё на эміграцыі!
Буду ўдзячны вам за кожны данат!
*«Хімія» з накіраваннем – гэта від пакарання, калі асуджанага адпраўляюць у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Людзі жывуць у карпусах, падобных да інтэрнатаў. Яны знаходзяцца пад пастаянным наглядам і абавязаны выконваць правілы ўнутранага распарадку, пры гэтым плацяць за пражыванне, купляюць ежу за свой кошт, самі рыхтуюць, сціраюць і прыбіраюць. Пры гэтым усе асуджаныя абавязаны працаваць, часта іх накіроўваюць на нізкакваліфікаваную і малааплатную працу
** МТК – малочнатаварны комплекс
Сума збору
€3000
€1500 – арэндаваць кватэру на 3 месяцы
€1000 – набыць рэчы (адзенне і абутак па сезоне, посуд, бытавыя рэчы, харчаванне)
€500 – медыцынскія абследаванні і кансультацыі лекараў, лекі па неабходнасці (пакуль у мяне няма дзяржаўнай медстрахоўкі ў Польшчы)