Дапамога былому палітвязню Сузько Аляксандру, які з'ехаў з Беларусі, пачаць жыццё нанова

  • Гісторыя

Добры дзень!
Мяне завуць Аляксандр Сузько. Я з нараджэння жыў у Мазыры, працаваў бармэнам-афіцыянтам у Палацы культуры і ў рэстарацыі «Валошкі». Акрамя працы ў мяне была яшчэ падпрацоўка, якая стала маім вялікім захапленнем — я працаваў сімвалам мазырскай футбольнай каманды «Славія». У касцюме арла «СлаФкі» я шэсць гадоў ездзіў на гасцявыя гульні са сваёй камандай і пару разоў нават прабіў «залатыя сезоны» (наведаў абсалютна ўсе матчы каманды).

У 2020 годзе я прымаў актыўны ўдзел у мірных пратэстах. Быў на ўсіх мітынгах, пачынаючы з 9 жніўня. Гэта было неверагодна – падчас мірных пратэстаў я сустракаў столькі добрых і ўсмешлівых людзей, колькі ніколі раней не бачыў.

І я падумаць не мог, што за ўдзел у мірных мітынгах можна завесці на чалавека крымінальную справу! Ні фатаграфій я не выдаляў, ні перапіскі. Маё затрыманне было вельмі нечаканым для мяне і маіх блізкіх. Я толькі вярнуўся з санаторыя, дзе адпачываў з сынам, як назаўтра раніцай да мяне прыйшлі. 4 траўня 2021 года, калі я збіраўся на працу, пазванілі ў дамафон. Я выйшаў да пад'езда, і там мяне затрымаў ГУБАЗіК з САХРам. Падчас затрымання я з цяжкасцю разумеў, што адбывалася. У ІЧУ ў камеры, куды мяне змясцілі, быў увогуле кашмар. Ніколі я не быў у такіх жахлівых умовах.

Я быў абвінавачаны па 342 і 364 артыкулах (арт. 342 КК РБ – арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх; арт. 364 КК РБ — гвалт або пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў) і скараны на тры гады калоніі.

Я да гэтага часу не магу паверыць, што адсядзеў ні за што ўвесь тэрмін – 3 гады! На волю я выйшаў напрыканцы снежня 2023 года. Але мяне не пакідалі ў спакоі і ўвесь час з праверкамі прыходзілі супрацоўнікі міліцыі. І ў адзін з дзён давялося з'ехаць. Я не мог дапусціць, што зноў апынуся за кратамі!

Цяпер я выканаў праграму мінімум – выратаваў сваё жыццё, знаходжуся на волі і адчуваю сябе ў бяспецы. Аднак пакідаць Беларусь мне трэба было вельмі хутка і з мінімумам рэчаў. У цяперашні час я апынуўся без сродкаў на існаванне ў чужой краіне і спрабую пачаць сваё жыццё нанова. Мне ніякавата прасіць вас, дарагія суайчыннікі, але мне патрэбныя элементарныя рэчы, якія павінны быць у кожнага, каб адчуць сябе ўпэўнена і ўстаць на ногі — трохі сродкаў на жыллё, ежа і адзенне, тэлефон.

Я буду вельмі ўдзячны за любую вашу пасільную дапамогу!

Сума збору:

€2950

€1500 – арэнда жылля на 4 месяцы
€500 – прадукты на 4 месяцы
€300 – адзенне
€150 – тэлефон
€500 – непрадбачаныя выдаткі

Сабрана:
€ 1 808 з 2 950