Муж і жонка актыўна ўдзельнічалі ў пратэстах 2020 года, падтрымлівалі штаб Віктара Бабарыкі і каманду Святланы Ціханоўскай. У перыяд пандэміі яны арганізавалі збор і закупку сродкаў абароны для 2-га Гарадскога клінічнага шпіталя Горадні.
18 сакавіка 2022 года Аляксандра арыштавалі проста на працоўным месцы. 19 траўня мужчыну скаралі на два гады «хіміі» паводле артыкула 368.1 Крымінальнага кодэкса (публічная абраза Лукашэнкі). У гэты ж дзень, у сувязі з пагрозай арышту і пераследу, сям'я пакінула Беларусь. Муж і жонка выехалі ў РФ, нідзе не затрымліваючыся падоўгу, бо баяліся ўвагі з боку сілавікоў. Ад безвыходнасці яны вырашылі перайсці мяжу з Украінай праз лінію фронту, але былі затрыманыя расейскімі сілавікамі.
«Мне выбілі зубы, а Наташу ледзь не згвалтавалі, – узгадвае Аляксандр. – Мы правялі цэлую ноч у палоне, у жаху, не разумеючы, што будзе далей. Нас збівалі і здзекаваліся».
Сілавікі адабралі ўсе грошы і асабістыя рэчы, але, на шчасце, вырашылі адпусціць мужа і жонку. У памяці Наталлі і Аляксандра гэты эпізод застаўся як адно з самых цяжкіх перажыванняў.
Улетку 2022 года, пасля некалькіх месяцаў уцёкаў, з дапамогай службы эвакуацыі BYSOL і «Беларускага дома» сям'і ўдалося выехаць у Польшчу.
У 2024 годзе ў Аляксандра ўзніклі першыя сімптомы недамагання. Пасля сур'ёзнага пагаршэння самаадчування мужчына звярнуўся да лекара, які дыягнаставаў новаўтварэнне ў мачавіку. Гісталогія пацвердзіла рак мачавіка (інвазіўная ўрэтэрыяльная карцынома T2). У жніўні 2024 года Аляксандра шпіталізавалі і выдалілі частку пухліны. У канцы верасня адбылася паўторная аперацыя, і, нягледзячы на станоўчы прагноз лекараў, неўзабаве пачаўся рэцыдыў.
Цяпер Аляксандру неабходна хіміятэрапія, за якой рушыць услед аперацыя па поўным выдаленні мачавіка, а затым працяглая рэабілітацыя. Наталля не можа працаваць, бо муж патрабуе пастаяннага догляду. У сям'і амаль не засталося зберажэнняў, і яны звяртаюцца па дапамогу, каб перажыць прыкладна 9 месяцаў, падчас якіх яны не змогуць працаваць.
Аляксандр удакладняе, што ён атрымлівае дапамогу па лекарскім звальненні, але яе сума складае толькі 2800 злотых (675 еўра), што не пакрывае нават паловы выдаткаў на лячэнне. «Я працую афіцыйна і атрымліваю дапамогу па лекарскім звальненні, – кажа ён. – Але гэтай сумы зусім недастаткова».
Муж і жонка знаходзяцца ў крытычнай сітуацыі, і вашыя ахвяраванні дапамогуць ім годна прайсці гэты складаны перыяд жыцця.
Сума збору
€5310 (усе выдаткі на 9 месяцаў).
€2700 – арэнда жылля,
€1800 – харчаванне,
€450 – лекі і сродкі догляду,
€360 – транспарт