Добры дзень, мяне завуць Аляксандр. Я з Берасця.
Мая гісторыя пачалася ў 2020 годзе, калі берасцейцы пачалі выходзіць на маршы пратэсту супраць самавольства ўладаў і фальсіфікацыі выбараў. Я быў вельмі актыўным ўдзельнікам маршаў і знатным крыкуном. Толькі некалькі выхадаў я прапусціў праз працоўны графік. Мне здаецца, мой актыўны ўдзел у мірных пратэстах часта трапляў на вулічныя камеры, таму мяне дастаткова хутка вылічылі. Першы раз мяне пасадзілі на суткі і далі невялікі па цяперашніх часах штраф.
Пасля гэтага мяне доўгі час не турбавалі і не пераследвалі. А ў студзені 2023 года супрацоўнікі ГУБАЗіКа нечакана прыехалі да мяне наўпрост на працу і павезлі ў ІЧУ. Затрымлівалі жорстка, зламалі пальцы на руцэ, а на допыце збіццё працягнулі.
Мяне абвінавацілі па артыкуле 369 (арт. 369 КК РБ – Абраза прадстаўніка ўлады) за тое, што ў 2021 годзе я напісаў у Telegram некалькі абразлівых, на іх думку, каментароў. Асудзілі на 2 гады і 6 месяцаў «хатняй хіміі», канфіскавалі ў даход дзяржавы мой тэлефон у якасці «прылады злачынства» і прызначылі вялікі штраф.
«Хатняя хімія» — гэта від пакарання, калі асуджаны застаецца на волі, але з абмежаваннямі. У асуджанага ёсць графік як для працы, так і для асабістых спраў, у тым ліку паход у краму або выкід смецця. З праверкай міліцыянты могуць прыходзіць кожны дзень і ў любы час — заўв. BYSOL.
Літаральна адразу пасля выраку пачаліся праверкі. Кожны дзень міліцыя прыходзіла да мяне дадому пасля працы па 3-4 разы (у 21.00, у 23.00, у 23.30 і ў 00.30), а ўставаць на працу я павінен быў а шостай раніцы. Я хранічна не высыпаўся, і гэта доўжылася амаль год. Я цярпеў і спадзяваўся, што галоўнае — дачакацца вызвалення. Але два месяцы таму мяне выклікала інспектарка і паведаміла, што мяне ўсё роўна пасадзяць, бо ёсць загад. І дала мне 15 сутак адміністратыўнага арышту за парушэнне рэжыму «хатняй хіміі».
Праз два дні пасля майго вызвалення ў РАУС сабралі некалькі дзясяткаў «палітычных» і абвясцілі, што з-за прыезду Лукашэнкі нас усіх у якасці прафілактыкі адправяць у ІЧУ. Мы пачалі абурацца. Хто спрачаўся, той атрымаў чарговыя 15 сутак, хто маўчаў — пайшоў дадому. Я быў адпраўлены з тымі, хто абураўся, у ІЧУ. Пакуль я адбываў свае чарговыя «суткі», мне прынеслі на подпіс дакумент, што я затрыманы за непадпарадкаванне. Гэта была хлусня, і я адмовіўся падпісваць такі пратакол.
Выйшаўшы на волю зноў, я быў папярэджаны, што мае дакументы інспектарка перадала ў суд на замену рэжыму «хатняй хіміі» на калонію. За гэта я распісаўся, але вырашыў, што не дамся ім больш, і вырашыў уцякаць. На наступны дзень я быў тэрмінова эвакуаваны камандай BYSOL у Літву.
І вось я ў Літве, з адным заплечнікам і 100 еўра, якія хуткім часам сыдуць на ежу. Тое, што мне няма куды падзецца, няма дзе начаваць і няма чаго есці, прымусіла мяне пераадолець свой гонар і адправіць сваю заяўку на збор. У мяне надзея толькі на дапамогу людзей, якія могуць увайсці ў маё бязвыхаднае на дадзены момант становішча і дапамагчы стаць на ногі. Мне трэба хаця б зняць жыллё, купіць прадметы першай неабходнасці і харчаванне. Працы я не баюся, як толькі яе знайду, усё наладзіцца. Але пакуль я ў поўнай разгубленасці і не ведаю, што мяне заўтра чакае.
Сума збору
€2500
€1600 — на арэнду жылля на 4 месяцы
€600 — на харчаванне і адзенне па сезоне
€300 — на прадметы першай неабходнасці