Дапамога былому палітвязню, мастаку і музыку ў адаптацыі ў Польшчы

  • Гісторыя

Добры дзень. Мяне завуць Алесь Папковіч. Я мастак, музыка і былы палітвязень.

Гісторыю таго, як я апынуўся ў турме, расказвалі Медыязона і Белсат. Гэтыя артыкулы лёгка можна знайсці ў інтэрнэце, але тут я яшчэ раз хачу падзяліцца сваімі перажываннямі, расказаць пра тое, як змянілася маё жыццё і папрасіць вашай дапамогі.

Творчасць заўсёды была неад'емнай часткай майго жыцця, маім спосабам перажывання і асэнсавання свету. Я скончыў музычную школу па класе скрыпкі, мастацкі каледж і Акадэмію мастацтваў. Працаваў аніматарам у «Беларусьфільме», а пасля сышоў у IT, дзе рабіў анімацыю для гульнявых кампаній Vipline, Gambino, Playgendary, Vizor Games.

Музыкі я таксама ніколі не пакідаў. Сабраў музычны гурт «Дзе-я?», у якім выступаў як аўтар і выканаўца. Сваю творчасць прасоўваць было цяжка, але я выкарыстоўваў любыя магчымасці: выступаў з кавер-бэндамі ў менскіх клубах, з гуртом «Рэ-Мажор» у якасці скрыпача і адначасова шукаў магчымасць, каб зрабіць студыйныя запісы сваіх песень.

У 2020 годзе я ўдзельнічаў ў мірных маршах і акцыях пратэсту. Мяне затрымалі і далі 12 сутак у СІЗА. Гвалт, супраць якога я выступаў, накрыла і мяне. Каб усвядоміць увесь той жах і зладзіцца са сваімі пачуццямі, наступныя два гады я пісаў музыку. Па маёй просьбе, мае блізкія сабралі ўсе запісаныя песні і апублікавалі іх для агульнага карыстання.

У 2022 годзе я вырашыў з'ехаць у Польшчу. За дзень да ад'езду я прыйшоў пабачыць бацькоў, і літаральна праз паўгадзіны ў кватэру ўварваліся сілавікі. Мяне збілі, забралі тэлефон і знайшлі ў ім той самы фотаздымак з маршу, за які я ўжо адсядзеў суткі ў 2020 годзе. Цяпер мне за гэтае фота прад'явілі крымінальнае абвінавачанне па 342 артыкуле (арт. 342 КК РБ — арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх) і адправілі на 2 гады ў калонію.

Самае складанае ў зняволенні была для мяне не адсутнасць свабоды, а немагчымасць ствараць. Як быццам я страціў частку самога сябе. І мне важна было нават у такіх умовах знайсці спосабы займацца творчасцю. Я пісаў вершы, маляваў на шматках паперы, марыў аб новых праектах. Гэта дапамагло мне захаваць сябе, не апусціць рукі і дачакацца вызвалення. Выйшаўшы з калоніі я адразу пакінуў краіну, каб пазбегнуць далейшых пагроз маёй свабодзе, здароўю і жыццю.

Цяпер я знаходжуся ў Польшчы і маю патрэбу ў вашай дапамозе. Я толькі пачынаю ўставаць на ногі і мне вяртацца да рэальнага жыцця пасля турмы неверагодна складана. Даводзіцца змагацца за выжыванне і думаць увесь час аб тым, як забяспечыць сябе неабходным.

Прашу вас дапамагчы мне пакрыць базавыя патрэбы на жыллё і харчаванне. Калі атрымаецца, я быў бы рады купіць ноўтбук. Мой мне пасля затрымання так і не вярнулі. А для мяне гэта працоўная прылада – я мог бы падзарабляць дызайнам, як раней. Цяжка марыць пра будучыню, балюча думаць аб немагчымасці ствараць, мой кожны дзень — гэта барацьба.

Мяне ратуе думка аб тым, што я не адзін і магу разлічваць на дапамогу. Любы ваш унёсак дапаможа мне адаптавацца ў новай краіне і аднавіцца пасля перажытага.

Буду ўдзячны за вашую падтрымку і салідарнасць!

Сума збору

€3000

€1500 – аплата арэнды жылля (на бліжэйшыя 3 месяцы)
€500 – харчаванне, прадметы першай неабходнасці, сувязь
€1000 – ноўтбук (Ноўтбук Gigabyte G5)

:
€ 3 125
Збор завершаны. Сабрана: € 3 125