Не паспела Алена апамятацца ад гібелі сына на вайне ва Украіне, урачы паведамілі страшны дыягназ – у жанчыны другая стадыя раку малочнай залозы. Дзяржаўная страхоўка ў Польшчы аплачвае лячэнне толькі часткова, многія прэпараты трэба купляць за свой кошт, а зберажэнняў сям’і ўжо не хапае.
Мяне завуць Алена Літвіненка, мне 52 гады. У лістападзе 2020 года праз пераслед мы з мужам былі вымушаныя пакінуць Беларусь і з’ехаць у Польшчу. Пераехалі мы разам з сынам, але ў лютым 2022 года ён не застаўся ўбаку ад падзей ва Украіне і паехаў ваяваць у складзе батальёна «Волат». Праз паўгады, у кастрычніку 2022-га мой дзіцёнак – Макарэнка Алег з пазыўным «Макар» – загінуў, аддаўшы сваё жыццё за свабоду.
Страта сына – гэта невыносны боль, з якім мы жывём кожны дзень. Цяжка страчваць бацькоў, цяжка хаваць мужа, але немагчыма перадаць пачуцці, якія прыходзіцца перажываць, страціўшы дзіця.
Але бяда не прыходзіць адна. Магчыма, на фоне нерваў у апошнія гады, можа, і проста лёс, але нядаўна ў мяне выявілі рак. Дактары ў Варшаве паставілі мне цяжкі дыягназ: інвазіўны пратокавы рак малочнай залозы 2B стадыі. Гэта значыць, што пухліна ўжо выйшла за межы залозы, але яшчэ не дала метастазаў у іншыя органы. І час марнаваць нельга.
Цяпер мне неабходна зрабіць аперацыю (мастэктамію або органазахавальнае ўмяшанне з выдаленнем падмышчатых лімфавузлоў), прайсці 16 курсаў хіміятэрапіі і курс прамянёвай тэрапіі. Таксама мне патрэбная працяглая таргетавая і гарманальная тэрапія.
Дзяржаўная страхоўка пакрывае аперацыю і базавыя рэчы, але таргетавыя прэпараты, якія ў маёй сітуацыі жыццёва важныя, трэба набываць за свой кошт.
Мой муж шмат працуе і робіць усё магчымае, каб выцягнуць нас, але даходаў аднаго чалавека ў эміграцыі не хапае зусім. Трэба аплачваць арэнду жылля, купляць дарагія лекі, аплачваць рэабілітацыю і неяк жыць у перыяд, калі я буду праходзіць найцяжэйшую хіміятэрапію і цалкам страчу магчымасць працаваць.
Сабраныя сродкі пойдуць на набыццё тых самых таргетавых і суправаджальных медыкаментаў, аплату абавязковай пасляаперацыйнай фізіятэрапіі для прафілактыкі ўскладненняў і падтрымаюць нашу сям’ю ў самыя цяжкія месяцы інтэнсіўнага лячэння.
Я звяртаюся да ўсёй беларускай супольнасці і неабыякавых людзей. Ваша салідарнасць і падтрымка дадуць мне шанец перамагчы хваробу. Шчыра дзякую кожнаму за дапамогу і чуласць.
Сума збору
€5000
€2500 – набыццё таргетавых і спецыялізаваных прэпаратаў: пакрыццё кошту інгібітараў CDK4/6 (Рыбацыкліб / Абемацыкліб) для прафілактыкі рэцыдыву
€1000 – суправаджальная медыкаментозная тэрапія: высокаэфэктыўныя супрацьванітовыя сродкі, уколы для стымуляцыі лейкацытаў, прэпараты для абароны печані і нервовай сістэмы
€750 – пасляаперацыйная рэабілітацыя і медыцынскія вырабы: курсы лімфадрэнажнага масажу для прафілактыкі цяжкага ацёку рукі (лімфедэмы) пасля выдалення лімфавузлоў, кампрэсійны рукаў, артапедычны бюстгальтар, парык пры страце валасоў ад хіміятэрапіі і спецыяльныя сіліконавыя пластыры для швоў
€750 – частковая фінансавая падстрахоўка на месяцы поўнай страты працаздольнасці
