«Проста хачу жыць і вучыцца без страху». Дапамога студэнту, якому ў Польшчы адмовілі ў міжнароднай абароне

  • Гісторыя

Аляксей з’ехаў з Беларуси пасля гутаркі з супрацоўнікам КДБ – той пагражаў і прапаноўваў супрацоўніцтва. У Польшчы студэнту адмовілі ў міжнароднай абароне, і, каб аплаціць дапамогу юрыстаў ды падаць апеляцыю, ён улез у сур’ёзныя даўгі.

Мяне завуць Аляксей Паўлюкоў, мне 22 гады. У Беларусі я вучыўся ў БДМУ па мэтавым накіраванні ад МНС. Падчас навучання я не хаваў свайго стаўлення да таго, што творыцца ў Беларусі, адкрыта казаў таварышам, што нам хлусяць на спатканнях з ідэолагам.

Пасля гэтага, улетку 2023-га, да мяне прыйшоў КДБшнік «праста пагаварыць» – стаў пытацца пра палітыку, крычаць і пагражаць. Ён аднекуль даведаўся пра маю сексуальную арыентацыю (пра тое, што я гей, ведалі толькі пару чалавек), пагражаў выкарыстаць гэта супраць мяне. Усталяваў штосьці на тэлефон, перад гэтым скачаўшы ўсе дадзеныя (а ў мяне былі падпіскі на экстрэмісцкія рэсурсы). Напрыканцы сілавік сказаў, што хутка яшчэ раз прыйдзе і спадзяецца на «супрацоўніцтва».

Чакаць другога спаткання я не стаў і адразу заняўся візай у Польшчу. Ужо ў эміграцыі я паспеў паступіць на Праграму Каліноўскага, вывучыць мову і здаць польскія выпускныя іспыты, каб паступіць у польскі ўніверсітэт.

Але мая праблема ў тым, што я не адразу падаўся на міжнародную абарону – пасля прыезду ў Польшчу не давяраў людзям на дзяржслужбе, баяўся асуджэння ці абясцэньвання. Калі я нарэшце падаў дакументы пасля кансультацый з юрыстамі, праз 20 месяцаў чакання мне прыйшла адмова.

Я хочу заставацца ў Польшчы, больш за тое, я баюся вяртацца ў Беларусь з-за пагрозы рэпрэсій (будзь то ЛГБТК ці палітычная актыўнасць). Таму прыйшлося звярнуцца па юрыдычную дапамогу, каб падаць апеляцыю. Гэта трэба было рабіць тэрмінова, і я ўлез у даўгі.

Таму я прашу пра дапамогу, каб вярнуць грошы – кошт паслуг юрыстаў для мяне як студэнта проста непад’ёмны. А я проста хачу жыць і вучыцца без страху.

Сума збору
€1500 – выдаткі на юрыдычную дапамогу

Сабрана:
€ 0 з 1 500