Траюрадны брат Святланы Ціханоўскай трапіў у турму за падтрымку Украіны. Яму патрэбна дапамога для вучобы і новага жыцця

  • Гісторыя

Калі Аляксею споўнілася 18 гадоў, ён хацеў ехаць абараняць Украіну, але апынуўся ў турме. Пасля вызвалення ён з’ехаў у Кіеў і працаваў валанцёрам у беларускім «Пункті незламності». Зараз хлопец просіць падтрымкі, каб пайсці вучыцца і будаваць жыццё нанова.

Аляксей Капліч – адзін з самых маладых беларускіх палітзняволеных. Родам ён з вёскі Сінкевічы Лунінецкага раёна Брэсцкай вобласці – усяго за некалькі дзясяткаў кіламетраў ад мяжы з Украінай.

Калі пачалося поўнамаштабнае расійскае ўварванне ва Украіну, хлопцу было ўсяго 15 гадоў. З першых дзён вайны Аляксей вырашыў, што любым спосабам патрапіць ва Украіну і стане ваяваць добраахвотнікам супраць расійскай агрэсіі. Побач з яго домам знаходзіўся вайсковы аэрадром у Лунінцы. На пачатку вайны расійская авіяцыя актыўна выкарыстоўвала яго для ўдараў па Украіне, і Аляксей пачаў фатаграфаваць самалёты і адпраўляць здымкі ў чат-бот украінскіх службаў бяспекі.

«Я чытаў пасты беларусаў, якія ўжо ваявалі ва ўкраінскіх падраздзяленнях, перапісваўся з некаторымі з іх і збіраўся далучыцца да трэцяй штурмавой брыгады», – узгадвае хлопец.

Скончыўшы школу, ён пераехаў у Брэст, уладкаваўся на працу і чакаў паўналецця, каб з’ехаць ва Украіну. 30 сакавіка 2025 года Аляксею споўнілася 18 гадоў, і ўжо на наступны дзень ён купіў білет на самалёт, але беларуса затрымалі проста ў аэрапорце.

– «Мне надзяваюць мяшок на галаву, кайданкі на рукі і кажуць, што я затрыманы, – распавядае Аляксей. – Потым адвезлі ў цэнтральнае ўпраўленне КДБ. Падчас першага допыту мне рэзалі руку лязом. Кармілі раз на два дні. На адзінаццаць дзён далі адну двухлітровую бутэльку вады. У пакоі віселі крук і лябёдка – мяне паднімалі за рукі ў кайданках і білі».

Пасля двух месяцаў у СІЗА КДБ Аляксея перавялі ў следчы ізалятар у Калядзічах. Улетку 2025 года адбыўся суд. Палітвязня асудзілі да двух гадоў зняволення паводле артыкула 361-3 КК РБ (найміцтва). Адбываць тэрмін яго адправілі ў адну з самых жорсткіх калоній Беларусі – ПК-17 у Шклове. Там Аляксей правёў два месяцы, з якіх 35 дзён – у штрафным ізалятары.

У снежні 2025 года яго вызвалілі разам з яшчэ некалькімі дзясяткамі беларускіх палітвязняў, у тым ліку Віктарам Бабарыкам і Марыяй Калеснікавай – пасля чарговага раўнда перамоў спецпрадстаўніка прэзідэнта ЗША з Аляксандрам Лукашэнкам.

Апынуўшыся на волі, экс-палітзняволены з’ехаў ва Украіну. Ён хацеў уступіць у шэрагі добраахвотнікаў украінскіх узброеных сіл. У Кіеве ён далучыўся да валанцёраў, якія арганізавалі першы беларускі «Пункт незламносці» – месца, дзе людзі могуць сагрэцца, зарадзіць тэлефоны і перачакаць адключэнні святла падчас расійскіх абстрэлаў.

Пасля стасункаў з беларусамі, якія ваююць на баку Украіны, Аляксей змяніў свой намер ісці на фронт: «Хлопцы адгаварылі. Сказалі: табе лепш будаваць сваё жыццё. Вучыся, развівайся».

Зараз васямнаццацігадовы беларус падпрацоўвае, але бяз віду на жыхарства не можа ўладкавацца на пастаянную працу. Яго мэта – атрымаць адукацыю, легалізавацца і канчаткова адмовіцца ад беларускага пашпарта: «Я хачу застацца тут. Вучыцца, працаваць і жыць ва Украіне, дапамагаць ёй. Бо вайна скончыцца, і краіну трэба будзе аднаўляць».

З Беларусі былы палітзняволены з’ехаў толькі ў тым адзенні, якое было на ім у турме. Сродкі, якія збіралі для палітзняволеных пасля вызвалення, пайшлі на набыццё рэчаў першай неабходнасці. Зараз, у чаканні дазволу на працу і афармленне дакументаў, Аляксею патрэбна падтрымка, каб аплаціць жыллё і базавыя выдаткі.

Сума збору
€2100

€1350 – арэнда жылля на 3 месяцы
€600 – ежа і бытавыя выдаткі
€150 – афармленне дакументаў для легалізацыі і паступлення на вучобу

Сабрана:
€ 18 з 2 100