Былы палітзняволены пасля вызвалення з’ехаў з Беларусі ў Польшчу. З інваліднасцю 3-й групы ў зняволенні яго здароўе сур’ёзна пагоршылася, а зараз праз праблемы з дакументамі ён пазбаўлены базавай дапамогі і медыцынскай страхоўкі і мае патрэбу ў падтрымцы на час, пакуль зможа аднавіцца, легалізавацца і пачаць працаваць.
Я Аляксандр Сезень, мне 56 гадоў, я з Ваўкавыска. Усё жыццё жыў у Беларусі, працаваў ад слесара да дырэктара гандлёвага прадпрыемства. Заўсёды абараняў правы іншых людзей і свае. У 2020 годзе я ўдзельнічаў у пратэстах супраць фальсіфікацыі выбараў. Мяне затрымлівалі па «народным» артыкуле 23.34, я адбываў «содні». Пазней завялі крымінальную справу і ў лістападзе 2024 года жорстка затрымалі, судзілі ў Гродзенскім абласным судзе і ў чэрвені 2025 года вынеслі прысуд па ч. 1 арт. 130 КК.
Яшчэ да турмы ў мяне была бястэрміновая інваліднасць 3-й групы, з якой я прайшоў у агульнай складанасці 25 сутак ШІЗА: у халоднай камеры, на бетоне, з антысанітарыяй, прыніжэннямі, і пад пастаянным ціскам… Узімку, у мароз, у мяне не было зімовага абутку. Хадзіў у летніх рабочых туфлях, якія прамярзалі наскрозь. У калоніі мяне пазбаўлялі нармальных перадач. За ўвесь час не атрымаў ані вітамінаў, ані лекаў. Для здаровага чалавека такія ўмовы цяжкія, а для чалавека з інваліднасцю і праблемамі са здароўем яны проста дабіваюць арганізм.
Цяжкую фізічную працу я не мог выконваць і да зняволення, а пасля калоніі стан стаў нашмат горшым: застуджаныя суставы, абвастрыліся праблемы з нагамі і каленямі. Калі ў звычайным жыцці я мог больш-менш спраўляцца: нармальны абутак, цяпло, зразумелы рэжым, магчымасць берагчы сябе, то пасля ШІЗА, холаду і працы на марозе я рэальна часам ледзь хаджу.
20 сакавіка 2026 года я выйшаў на свабоду, але застаўся пад наглядам. Зразумела было, што маленькую клетку памянялі на вялікую. Хутка стало ясна, што заставацца ў Беларусі – значыць патрапіць за краты зноў, і гэта з маім здароўем. Таму на пачатку лета 2026 года я з’ехаў у Польшчу, падаўся на міжнародную абарону. Цяпер у мяне часовы дакумент, пакуль ідзе працэдура.
Стабільнай працы зараз няма. Ісці грузчыкам ці на стройку не дазваляе здароўе, а для іншага патрэбныя дакументы, мова, тэхніка, час і аднаўленне. А яшчэ аплата жылля і камунальных, рэчы першай неабходнасці. Харчуюся тым, што раздаюць у гуманітарных кропках.
Каб больш-менш паўнавартасна жыць і неяк працаваць, мне патрэбныя накаленнікі з металічнымі пласцінамі – каб абнізіць нагрузку на ногі. Траўматолаг выпісаў лячэбную фізкультуру: патрэбныя практыкаванні і рэабілітацыя, лекі, мазі, таблеткі, абследаванні. А яшчэ я маю гіпертанію, праблемы з дыханнем, са зрокам, зубамі. Патрэбныя абследаванні, нельга проста адкладваць здароўе і рабіць выгляд, што праблем няма.
Прашу падтрымаць мяне ў гэты самы цяжкі перыяд, каб аплаціць жыллё, прайсці абследаванні, купіць лекі і неабходныя рэчы, аднавіцца і знайсці працу, якую я змагу выконваць па стане здароўя.
Дзякуй усім. Жыве Беларусь!
Сума збору
€2300
€1000 – аплата жылля, камунальныя выдаткі
€500 – ежа, прадметы першай неабходнасці, адзенне
€800 – лекі, абследаванні, накаленнікі, лячэбная фізкультура і рэабілітацыя
