Аляксандр з'ехаў з Беларусі ў 2023 годзе пасля допыту ў КДБ. У Польшчы ў яго скралі дакументы, праз што ўскладніўся працэс легалізацыі і пошук працы. Стабільнай працы ў мужчыны няма, а зберажэнняў амаль не засталося.
Я – Аляксандр Яргулевіч, актывіст з інваліднасцю: у мяне з нараджэння не было часткі рукі. Для сям'і такая асаблівасць стала вялікай праблемай, і падтрымкі ад іх у мяне ніколі не было. Нягледзячы на гэта, я хацеў дапамагаць іншым. У 2020 годзе і пасля дакументаваў катаванні і рэпрэсіі, насіў перадачы, валанцёрыў у праваабарончых арганізацыях. Рабіў усё гэта да апошняга, пакуль у 2023 годзе мяне не выклікалі на допыт у КДБ. Пагражалі крымінальнай справай. Таму прыйшлося бегчы.
У верасні 2023 апынуўся ў Польшчы. З'ехаць дапамаглі сябры, але на новым месцы ніякай дапамогі ўжо не было. Я стараўся з усім спраўляцца сам. Але паўтары гады таму ў мяне скралі дакументы (у тым ліку школьны атэстат), праз гэта ў мяне не атрымалася падацца на праграму Каліноўскага, на якую разлічваў. Таксама ў скрадзеных дакументах быў пераклад пасведчання інваліднасці на польскую, таму доўга не мог зрабіць дублікат гэтага дакумента тут (толькі зараз заняўся). А без яго мяне не хочуць браць на працу – наймальнік не атрымлівае субсідыю і яму не выгадна.
Прыходзіцца круціцца самому. Улічваючы маю інваліднасць, зарабляць добра не атрымліваецца. Выкладаю польскую і ангельскую, але вучняў улетку няма, і таму зараз вельмі цяжка. На будоўлі працаваць не магу, бо няма рукі. Спрабаваў купіць ровар і ўладкавацца кур'ерам, але не спрацавала: не хапіла вынослівасці. Плюс ровар быў танны і зламаўся праз тыдзень.
Я вельмі не хацеў прасіць дапамогі, але зберажэнняў амаль не засталося. Спадзяюся, што неўзабаве з вучнямі стане лепш, але зараз я вымушаны збіраць пустыя пластыкавыя бутэлькі, каб схадзіць у краму. Ужо проста не вытрымліваю, патрэбна перадышка. Да таго ж мне здаецца, што праз усе гэтыя перажыванняў у мяне пачала развівацца дэпрэсія – хацеў бы звярнуцца па дапамогу да псіхолага, але гэта таксама каштуе вялікіх для мяне зараз грошай.
Буду ўдзячны за любую дапамогу.
Сума збору
€1700
€1200 – жыллё і бытавыя выдаткі
€500 – выдаткі на псіхолага