Дапамога былому палітвязню з сям'ёй пратрымацца фінансава да дазволу на працу

  • Гісторыя

Добры дзень. Мяне клічуць Аляксандр.
Раней я жыў у Століне, працаваў кіроўцам-міжнароднікам.

Да 2019 года я шмат гадоў працаваў у памежнай службе, і гэта стала паваротным момантам у маім лёсе. За доўгія гады працы я быў узнагароджаны медалём «За бездакорную службу». Калі адбыліся падзеі 2020 года, я запісаў відэазварот на Ютуб для сваіх былых калег, дзе прамовіў, што адмаўляюся насіць свой медаль да таго часу, пакуль такія ж медалі носяць карнікі беларускага народа. Як былога дзяржслужачага мяне абразіла тое, што сілавікі ўжылі гвалт супраць кандыдатаў у прэзідэнты і мірных людзей, тым самым зняславіўшы гонар мундзіра. У сваім відэароліку я асудзіў беззаконне, якое адбывалася ў краіне, і заклікаў сілавікоў не дапамагаць захопу ўлады ўзурпатарам і не ўдзельнічаць у гвалце над мірнымі грамадзянамі.

29 верасня 2021 года мяне затрымалі і прад'явілі абвінавачанне па «справе Зэльцэра». Нібыта я размясціў 28 верасня 2021 года каментар пад відэаролікам, на якім адбываецца забойства Андрэя Зэльцэра. Мяне пад ціскам прымусілі даць паказанні, што я ролік глядзеў і пакінуў каментары. Але гэта была няпраўда. І ніякіх доказаў у маім тэлефоне, што я размяшчаў каментар, яны не знайшлі.

Наадварот, я меў доказы, што мой тэлефон бяздзейнічаў доўгі час да і пасля моманту, які фігураваў у абвінавачанні, як момант размяшчэння каментара. Гэта было жалезнае алібі, але суд мае доказы пакінуў без увагі.

Затое на судовым пасяджэнні паказалі маё відэа на Ютубе са зваротам супраць гвалту. Да справы Андрэя Зельцэра яно ніяк не адносілася – ролік быў зняты ў 2020 годзе. Але я зразумеў, што менавіта за яго мяне і судзяць. На відэа я быў у сваёй старой форме памежніка з медалямі. Суддзя нават запытаўся ў мяне, ці буду я насіць медаль. Пасля майго адмоўнага адказу, ён мне вынес прысуд – 2 гады і 6 месяцаў пазбаўлення волі.

Свой тэрмін я адбыў у магілёўскай турме, якую інакш як канцлагерам назваць не магу. Пасля вызвалення палітычны пераслед адносна мяне працягнуўся. Каб зноў не апынуцца за кратамі, я вырашыў з'ехаць з Беларусі за мяжу.

Цяпер я ў Польшчы чакаю разгляду заявы аб атрыманні міжнароднай абароны. Пакуль у мяне няма афіцыйнага дазволу на працу і сертыфіката на допуск працы ў грузаперавозках па Еўропе (код 95), я не магу працаваць кіроўцам, як раней.

Асцерагаючыся пераследу як сям'я былога палітвязня, нядаўна да мяне з Беларусі пераехалі жонка і сын. Я рады, што мы ўсе зараз разам і ў бяспецы. Але праз адсутнасць сталай працы, я апынуўся ў цяжкай сітуацыі, як асноўны здабытчык у сям'і.

Пакуль я жыў адзін у хостэле, мне хапала невялікіх падпрацовак, якія я часам знаходжу. Але з сям'ёй без працы ў чужой краіне я апынуўся ў сітуацыі, калі вымушаны прасіць аб дапамозе. За час майго турэмнага зняволення ў нас не было магчымасці ніякіх грошай назапасіць. Прыехалі практычна без рэчаў. Сын пайшоў у школу, таксама нічога не маючы. Нам трэба толькі пратрымацца да магчымасці працаваць.

Я прашу ў вас дапамогі на першыя некалькі цяжкіх месяцаў, пакуль мы атрымліваем легалізацыю, вучымся і шукаем працу.
Буду ўдзячны за любы ваш пасільны ўклад і падтрымку!

Сума збору

€4400

€ 2100 – арэнда жылля на тры месяцы + заклад
€1000 – рэчы першай неабходнасці, адзенне і абутак для ўсіх па сезону
€700 – прадукты харчавання, бытавыя выдаткі на першы час, школьныя рэчы
€600 – выдаткі, звязаныя з атрыманнем сертыфікату на код 95, каб працаваць кіроўцам-міжнароднікам у Еўропе (навучанне, іспыт, медагляд)

Сабрана:
€ 3 277 з 4 400