Беларускі актывіст апынуўся ў Іспаніі з наступствамі інсульту, пад пагрозай дэпартацыі, без грошай і дакументаў

Легендаваны збор
Збор вядзецца на атрымальніка ў Беларусі і легендаваны ў мэтах бяспекі.
  • Гісторыя

У BYSOL звярнуўся беларус Станіслаў*, які перанёс інсульт, быў высланы па Дублінскім рэгламенце з Германіі ў Іспанію, і мае патрэбу ў тэрміновай падтрымцы праз адсутнасць дакументаў і грошай. Зараз мужчына знаходзіцца ў прытулку Чырвонага крыжа ў Гішпаніі і баіцца магчымай дэпартацыі ў Беларусь.

Да 2020 года Станіслаў*, паводле яго слоў, жыў пад Мінскам, займаўся будаўнічым бізнесам. Калі пачаліся пратэсты супраць афіцыйных вынікаў выбараў 2020 года, мужчына пачаў удзельнічаць у маршах, падвозіў ваду ўдзельнікам, вывозіў вызваленых з ізалятара ў Жодзіне, вазіў валанцёраў і каардынаваў дапамогу.

У 2021 годзе мужчына адправіўся да сяброў у Нарвегію, дзе ўдзельнічаў у акцыях беларускай дыяспары ў Осла супраць закупак калійных угнаенняў кампаніяй Yara.

Вярнуўшыся ў Беларусь, Станіслаў атрымаў 20 сутак адміністрацыйнага арышту. Пасля сілавікі двойчы наведаліся да яго з ператрусамі. У пошуках заробку мужчына адправіўся ў РФ. Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны ён не хаваў сваю актыўную грамадзянскую пазіцыю. Актыўнасць прывяла да таго, што беларуса затрымалі ў Смаленску і змясцілі ў СІЗА за антываенную агітацыю. Па словах Станіслава, у няволі ён правёў паўгады. У выніку яго вызвалілі ўвогуле без якіх-небудзь працэсуальных дакументаў.

Мужчына вярнуўся ў Беларусь у 2023 годзе і пачаў працаваць таксістам у Мінску. Паралельна ён перадаваў інфармацыю пра перамяшчэнне расійскай ваеннай тэхнікі ў тэлеграм-канал «Беларускі Гаюн». У гэты час яму пачалі паступаць званкі са Следчага камітэта, а ў бацькоў прайшоў яшчэ адзін ператрус.

Мужчына вырашыў не рызыкаваць, аформіў шэнгенскую візу і ў 2024 годзе пакінуў Беларусь, апынуўшыся ў выніку ў Германіі. Правёўшы пяць месяцаў у лагеры для бежанцаў у Нюрнбергу, Станіслаў трапіў пад Дублінскую працэдуру: улады Германіі выслалі яго ў Гішпанію паводле яшчэ актуальнай візы гэтай краіны. Мяркуючы па медыцынскіх дакументах, за дзень да дэпартацыі ў беларуса адбылося субарахноідальнае кровазліццё ў мозг, альбо інсульт. Паводле слоў Станіслава, яго забрала хуткая дапамога, але ў Германіі яго не пакінулі, палічыўшы што ён сімулюе хваробу з мэтай пазбегнуць дэпартацыі.

Першыя двое сутак у Гішпаніі Станіслаў правёў на вуліцы, затым звярнуўся ў шпіталь: яму зрабілі КТ і экстраннае эндаваскулярнае лячэнне з нагоды кровазліцця. Медыцынскае заключэнне гішпанскіх дактароў і выпіскі ёсць у распараджэнні BYSOL. Мужчына звярнуўся ў «Чырвоны Крыж», атрымаўшы часовае знаходжанне ў прытулку непадалёк ад Барселоны.

Яшчэ знаходзячыся ў Германіі, актывіст здаў свае дакументы ў міграцыйныя органы. У выніку праз няправільна пазначаны паштовы адрас пашпарт і пасведчанне аб нараджэнні беларуса былі згубленыя. Зараз у яго толькі сканы дакументаў і ліст-паведамленне гішпанскіх уладаў.

Станіслаў прадаставіў у распараджэнне BYSOL усе дакументы і фота-відэаматэрыялы, якія пацвярджаюць ключавыя эпізоды яго гісторыі, уключаючы медыцынскія паперы і пацверджанні размяшчэння.

Пасля кровазліцця беларус скардзіцца на праблемы з памяццю і самаадчуваннем пры спякоце і змене надвор'я. Ён не можа займацца фізічнай працай і не мае сродкаў для рэабілітацыі, якую па магчымасці стараецца рабіць самастойна. Акрамя таго, улады Гішпаніі пачалі разглядаць пытанне аб яго дэпартацыі ў Беларусь. Да бліжэйшага рашэння па справе актывіста засталося каля трох месяцаў.

Па асабістых абставінах і стане здароўя Станіславу вельмі неабходна аформіць любыя дакументы, якія легалізуюць яго статус у ЕС, і пакрыць базавыя выдаткі на перыяд чакання.

Сям'ю Станіслава па-ранейшаму наведваюць праваахоўныя органы. У сувязі з гэтым, а таксама пагрозай дэпартацыі, яго сапраўднае імя зменена.
*Гэта ананімны збор. У мэтах бяспекі мы змянілі імёны герояў. Малюнак згенераваны пры дапамозе ШІ.

Сума збору
€1500

Сабрана:
€ 0 з 1 500