Мяне завуць Кухарева Настасся. Мяне затрымалі напрыканцы студзеня 2022 года, падчас затрымання ў дачыненні да мяне ўжывалі фізічны гвалт і жорсткі маральны ціск ГУБАЗіК, потым мяне адправілі на Акрэсціна. Пасля гэтага ў СІЗА, дзе я знаходзілася ў чаканні амаль 4 месяцы.
Я з'ехала з Беларусі ў траўні 2022, вядома вельмі страшна з'яжджаць, калі не ведаеш, чым гэта можа скончыцца. У кожным поглядзе шукаеш ворага. Я дабралася да Сакартвэлы. Хацела пачаць новае жыццё, але на гэтым нічога не скончылася. Праз месяц пасля таго, як я з'ехала, мяне пачалі актыўна шукаць. Некалькі разоў прыходзілі па адрасе прапіскі, ўвесь час прыходзілі позвы з просьбай з'явіцца. То на размову, то ў следчы камітэт. Потым прыйшла позва ў суд (грамадзянскі пазоў па арт. 342 ч.1). У выніку мяне прызналі вінаватай і абавязалі выплаціць штраф 33 771, 63 беларускіх рублёў. Мяне ўнеслі ў спіс экстрэмістаў, мне званілі ў Viber з розных нумароў (не магу дакладна ведаць, хто тэлефанаваў), але мяне працягвалі шукаць у Менску.
Я заўжды займала актыўную пазіцыі. Амаль 10 месяцаў я з'яўляюся валанцёркай-псіхолагам у фондзе дапамогі беларусам. Яшчэ я займалася «правільнай» прапагандай. Мая барацьба ніколі не сканчалася.
У 2023 годзе адбылася скрайняя сытуацыя, калі я зразумела, што мне ў Сакартвэле небяспечна. Да маёй бабулі прыйшлі некалькі супрацоўнікаў. Там, дзе жыве бабуля, я не прапісаная ўжо каля 8 гадоў. Яны шукалі мяне, патрабавалі, каб яна сказала дзе я і як мяне знайсьці. Маёй бабулі 68 гадоў, для яе гэта вельмі страшэнны досвед. Яна перажыла інфаркт і знаходзіцца на інваліднасці, ў нас з ёю нават не агульныя прозвішчы.
На той момант у Сакартвэле ўзнялося пытанне аб законе «Аб замежных агентах» і я зразумела, што магу страціць грамадзянства. Як і любы беларус. Таму я прыняла рашэнне і з'ехала ў Еўропу дастаткова хутка, але я зусім не была да гэтага гатовая. Мне давялося пакінуць сваю працу, добраўпарадкаванае арэнднае жыллё і жыццё, якое я пабудавала з нуля за 10 месяцаў.
На дадзены момант знаходжуся ў Вільні. Стаіць пытанне аб арэндзе жылля і аб перавозцы сваіх рэчаў з іншай краіны. Я хачу атрымаць міжнародную абарону (уцякацтва), таму афіцыйна ўладкавацца на працу цяпер магчымасці няма, але быць валанцёркай-псіхолагам, дапамагаць людзям, я працягваю дагэтуль і спыняцца не збіраюся.
Мне цяпер вельмі патрэбна фінансавая падтрымка, я дагэтуль аднаўляю сваё здароўе і ментальны стан, пасля ўсяго жаху, які мне давялося перажыць.
Якая сума неабходна?
1850 € — арандаваць жыллё (аплата адразу двух месяцаў і дэпазіт), перавозка рэчаў з іншай краіны, рэшта грошай для жыцця на першы час (пастаянныя медыкаменты, выпісаныя псіхатэрапеўтам, і прадукты харчавання, гігіенічныя сродкі).