Беларускі добраахвотнік і баявы медык «Вакула» дапамагае эвакуяваць параненых і забяспечвае бяспеку групы на перадавой. Збор на абсталяванне, ад якога залежаць жыцці людзей.
Сябры, добры дзень!
Мяне завуць Міхайла, мой пазыўны «Вакула». Я – баявы медык узвода. З пачатку 2023 года я ўдзельнічаю ў абароне Украіны ад расійскай агрэсіі.
Раней я ўжо звяртаўся па падтрымку, калі пераходзіў паміж падраздзяленнямі і меў патрэбу ў даўкамплектаванні рыштунку. Тады дзякуючы вашай дапамозе я змог застацца ў страі і працягнуць працу. Але сучасная вайна патрабуе большага. Сёння недастаткова толькі ўмець страляць ці толькі аказваць дапамогу. Сёння выжывае той, хто ўмее адначасова бачыць пагрозу, арганізоўваць эвакуацыю і захоўваць жыццё сваім людзям.
Таму і мая праца змянілася. З медыка я ператварыўся ў спецыяліста, які рыхтуе маршруты для эвакуацыі, кантралюе небяспечныя ўчасткі, працуе з дронамі, забяспечвае інжынерную бяспеку групы і дапамагае параненым непасрэдна падчас выканання задач.
Мой досвед патрэбны не толькі Украіне. Калісьці і Беларусі спатрэбяцца людзі, якія ўмеюць абараняць і ратаваць.
Фізічна і псіхалагічна гэтая служба даецца цяжка. Бываюць моцная стомленасць, выгаранне і расчараванне. Але пытання «з’ехаць туды, дзе спакойна» для мяне не існуе. Пакуль ідзе гэтая вайна – я застаюся ў страі.
Сёння мне зноў патрэбная дапамога.
На пятым годзе вайны сістэма забеспячэння перагружаная. Базавыя рэчы выдаюцца не цалкам, а абсталяванне, ад якога наўпрост залежаць эфектыўнасць працы і выжыванне групы, часта даводзіцца чакаць месяцамі або набываць самастойна.
А на фронце чаканне – гэта рызыка страціць людзей.
Таму я прашу дапамагчы мне набыць абсталяванне, якое неабходна для маёй працы.
Сума збору:
€4600
€1300 – зарадныя станцыі і акумулятары
€1280 – ноўтбук і манітор
€330 – пульт кіравання дронам з кейсам
€640 – транспартныя і ахоўныя кейсы
€80 – чахол для маскіроўкі сістэмы Starlink
€970 – сеткамёты
