«156 касцёлаў і ніводнай працы»: дапамога Максіму Шабуцкаму

  • Гісторыя

Усім прывітанне. Мяне завуць Максім Шабуцкі.

У ліпені 2020 года я паспрабаваў арганізаваць масавы выхад беларусаў супраць рэжыму Лукашэнкі, звярнуўшыся па падтрымку да афіцэраў і дэсантнікаў, а таксама напісаўшы рэвалюцыйны план «Баграціён». Атрымалася не вельмі, калі шчыра.

У першы ж дзень мяне абвясцілі ў вышук, і ад безвыходнасці мне давялося сысці ў глыбокае падполле. Паўтара года я знаходзіўся на тэрыторыі Беларусі і вёў YouTube-канал. На працягу 2021 года я стабільна ўваходзіў у топ-пяцёрку па колькасці праглядаў. А вясной 2022 года я «пераскочыў» польскі плот і апынуўся на тэрыторыі ЕС.

Амаль увесь 2023 год я быў добраахвотнікам у Палку Каліноўскага. Калі ацэньваць маю баявую гісторыю праз прызму эфектыўнасці, то атрымалася прыкладна так жа, як і з планам «Баграціён».

Замест знішчэння Кантэміраўскай дывізіі адзінае, што я эфектыўна знішчыў, – два міжпазваночныя дыскі, а таксама сур’ёзна траўмаваў кісць правай рукі.

У 2024 годзе я прыняў удзел у выбарах у Каардынацыйны савет (фракцыя «Незалежныя беларусы») і спрабаваў стварыць падраздзяленне беларусаў у структуры польскіх Узброеных Сіл. Тут таксама атрымалася не вельмі.

Прадстаўнікі польскіх уладаў вельмі дыпламатычна патлумачылі, што (цытую даслоўна) «Яны хутчэй увайдуць у склад Літвы, чым беларусы будуць хадзіць па іх краіне ў шэўронах Польскай Рэспублікі». Упэўнены, што на іх месцы я б рэагаваў гэтак жа, але ўсё роўна атрымалася вельмі-вельмі крыўдна.

У 2025 годзе мой арганізм вырашыў, што пара выстаўляць рахунак за некалькі гадоў пастаяннага стрэсу, што вылілася ў глыбокую дэпрэсію ў выглядзе татальнай апатыі наогул да ўсяго. Плюс рэзкія перапады настрою, памножаныя на бессань.

Як «самы разумны чалавек у свеце», я цвёрда вырашыў ігнараваць усю сімптаматыку і прафесійна заняўся стэндапам. Хапіла роўна на адзін сярэдні нумар.

Потым як «самы разумны чалавек у свеце», я вырашыў змяніць стратэгію і проста пайсці на нармальную працу, каб абстрагавацца ад праблем. Змяніў тры працы ад вытворчасці да дастаўкі, але ўсе тры разы гісторыя заканчвалася аднолькава: спачатку пазітыў, потым боль у спіне, потым бальнічны, куча ўколаў (у асноўным дэксальгін і дыклафенак), звальненне і ўпаданне ў яшчэ больш глыбокую дэпрэсію.

Як «самы разумны чалавек у свеце» я б зрабіў і чацвёртую спробу, але праблема ў тым, што я жыву ў вёсцы на ўскрайку невялікага польскага гарадка, дзе ёсць адзін маленькі гандлёвы цэнтр, 156 касцёлаў і некалькі тысяч украінскіх уцекачоў, якія з ранку да вечара шукаюць працу. Па меншай меры, менавіта так мне ўвесь час адказвалі ў мясцовым ужондзе беспрацоўных кожны раз, калі я спрабаваў ім прадаць гісторыю пра свой дыплом Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь…

Рэзюмуючы.
Я выразна зразумеў, што прыйшла пара змяняць сваё жыццё. Менавіта таму я выйшаў з Каардынацыйнага савета і ўсёй апазіцыйнай «двіжухі». Думаю, што канчаткова. Бачыць Бог, я спрабаваў…

Цяпер у мяне ёсць толькі адзін шлях – гэта пераезд у Варшаву, дзе ёсць вялікая колькасць варыянтаў з працай пад маю спіну і псіхіку. Праблема толькі ў тым, што складана пераехаць, маючы толькі ноўтбук і зламаны аўтамабіль 97 года, які (пасля дарог Украіны) нават прадаць нерэальна, і ў якім, дарэчы, 31 жніўня скончылася страхоўка.

Яшчэ месяц таму май гонар ніколі не дазволіў б мне вось так звяртацца па дапамогу. Але іронія ў тым, што дэпрэсія мае і зваротны бок медаля, калі табе ў нейкі момант становіцца ўжо проста пафіг на грамадскую думку…

Спадзяюся на разуменне.
Жыве Беларусь!

UPD ад каманды збораў: пакуль мы рыхтавалі гэты тэкст да публікацыі, з’явілася навіна пра тое, што ў адносінах да Максіма пачата спецвытворчасць. Абвінавачанні датычацца шэрагу артыкулаў КК РБ. Сярод іх арт. 357 ч1 (Змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады), 361-1, ч1 (Стварэнне экстрэмісцкага фармавання), 369-1 (Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь) і г.д.

Сума збору:
€1900

€1100 – аплата жылля на 2-3 месяцы
€200 – арганізацыя пераезду ў Варшаву
€450 – харчаванне і лекі на час пошуку працы
€150 – страхоўка

Сабрана:
€ 1 700 з 1 900