Вітаем! На сувязі каманда збораў BYSOL. І мы з добрымі навінамі!
Учора нашая каманда эвакуацыі дапамагла выехаць з Беларусі журналістцы і экс-палітзняволенай Ксеніі Луцкінай. Цяпер жанчына ў бяспецы, аднак мае патрэбу ў вашай падтрымцы. Таму па яе просьбе мы адкрываем гэты збор.
Ксенія Алегаўна Луцкіна працавала ў Белтэлерадыёкампаніі, займалася стварэннем дакументальных фільмаў на гістарычныя тэмы. У жніўні 2020 года, пасля выбараў, яна далучылася да забастоўкі супрацоўнікаў холдынгу, выказаўшы нязгоду з палітыкай кіраўніцтва, і пакінула пасаду і пакінула пасаду спецыяльнага карэспандэнта Белтэлерадыёкампаніі. Затым Ксенія ўвайшла ў асноўны склад Каардынацыйнай рады, дзе адказвала за сувязі з прэсай, і сумесна з іншымі журналістамі планавала стварыць «альтэрнатыўнае тэлебачанне» на платформе YouTube.
22 снежня 2020 года Ксенія была затрыманая ў Менску. Першапачаткова ёй прад'явілі абвінавачанне ва ўхіленні ад сплаты падаткаў, але пазней абвінавачанне было перакваліфікаванае на «змову з мэтай захопу дзяржаўнай улады». 28 верасня 2022 года суд скараў яе на 8 год пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.
У зняволенні ў Ксеніі абвастрыліся праблемы са здароўем: у яе была дыягназавая пухліна галаўнога мозгу, якая павялічвалася, выклікаючы пастаянныя галаўныя болі і патрабуючы рэгулярнага прыёму абязбольвальных. У лютым 2023 года Ксенія перанесла цяжкую двухбаковую пнеўманію, што яшчэ больш аслабіла яе арганізм. Роўна праз год – у лютым 2024 – яшчэ адну.
Нягледзячы на пастаянны ціск у 2021 годзе Ксенія адмовілася пісаць прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі, застаючыся вернай сваім прынцыпам.
13 студзеня 2023 года МУС дадаў палітзняволеную у «Спіс грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асобаў без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».
20 жніўня 2024 года Ксенія Луцкіна была вызваленая паводле «памілавання», а 3 сакавіка пры дапамозе каманды эвакуацыі BYSOL яна пакінула Беларусь. Цяпер Ксенія нарэшце на волі, але барацьба за яе жыццё і здароўе працягваецца. Пасля 4 гадоў у турме і перанесеных хваробаў ёй неабходная тэрміновая медыцынская дапамога, аднаўленне і падтрымка. Мы адкрываем гэты збор, каб дапамагчы Ксеніі пачаць новы раздзел жыцця — без страху, болю і пагрозаў.
Дзякуй за вашу салідарнасць!
Каманда збораў BYSOL.
Сума збору:
€7000
Мы паставілі такую суму, бо ў Ксеніі цяжкае захворванне, якое патрабуе лекавання. Таму мы разлічваем, што вялікая частка сродкаў пойдзе на медыцыну і яшчэ крыху застанецца для адаптацыі.