Актывіст «Народнай Грамады» просіць дапамагчы з аплатай жылля на першы час у Літве

  • Гісторыя

Добры дзень, я Аляксей Кірэеў, былы палітзняволены. Яшчэ да 2020 года я быў актыўным сябрам партыі «Народная Грамада» Мікалая Статкевіча, а ў 2020 годзе асабліва актыўным. З-за маёй грамадзянскай дзейнасці мяне вельмі часта затрымлівалі, дзяжурылі каля майго пад'езда. Часам, каб выйсці з кватэры, мне даводзілася карыстацца акном з другога боку, а паколькі я жыў на другім паверсе, то часам спускаўся на вуліцу па вяроўцы незаўважаным.

Але затрыманняў усё роўна хапала: давалі і содні, і штрафы. На пачатку было ўсё спакойна, спадзяваўся, што больш чапаць не будуць. Але даволі хутка я стаў падазраваным па крымінальнай справе і мяне аб'явілі ў вышук. Я хаваўся ў розных месцах, стараўся не свяціцца перад камерамі, але мяне ўсё ж знайшлі і затрымалі.

У маёй крымінальнай справе было ўсяго адзіны здымак са сцягам каля стэлы, але суд прысудзіў мне два гады калоніі. Пэўна, залічылі да справы і дзясятак маіх адміністрацыйных спраў па 23.34 артыкуле (арт. 23.34 КаАП РБ – Парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавых мерапрыемстваў) у 2020 годзе.

У начальніка ПК №15, дзе я адбываў тэрмін, былі асабістыя рахункі з Мікалаем Статкевічам і ягонай жонкай. Толькі за гэта мяне шмат разоў адпраўлялі ў ШІЗА, у невыносныя ўмовы, дзе я схуднеў на 15 кг. Акрамя таго, я заўсёды пакутаваў ад моцнага ціску крыві. У калоніі ў мяне здарыўся інсульт (ціск быў 270 на 180) і я страціў 100% зроку на правым воку. Праз інсульт і не аказанаю своечасова медыцынскую дапамогу ў турме ў мяне развілася эмбалія сятчаткі вока. Проста закрылася вока і ўсё. Калі мяне павезлі ўсё ж у Магілёў у бальніцу хуткай дапамогі, там я даведаўся, што можна было выратаваць зрок, калі б мне аказалі дапамогу на першыя дзве-тры гадзіны пасля інсульту.

Перад выхадам на волю мне прапанавалі напісаць на памілаванне. Я адмовіўся, і таму  здзівіўся крыху, калі ўсё ж такі апынуўся на волі.

Пасля вызвалення, калі я пайшоў адзначацца ў міліцыю, на мой новы тэлефон устанавілі нейкую праграму. Потым пачаліся праверкі, прыязджалі і позна ўвечары, і ў выходныя дні. Неяк далі трубку на алкаголь, паведамілі, што як зловім, паедзеш адразу на два гады ў ЛПП. Я падумаў тады, ды ну яе, такое жыццё, і з'ехаў у Літву. Уцёк з адной сумкай і 40 доларамі ў кішэні.

Прашу ў вас фінансавай падтрымкі на пражыванне і харчаванне на першы час. Хачу паправіць сваё здароўе, наколькі гэта магчыма, каб знайсці працу.

Дзякуй кожнаму з вас!

Сума збору

€1700

€1200 арэнда пакоя на тры месяцы

€500 прадукты, афармленне дакументаў, медыцынскія працэдуры

Сабрана:
€ 381 з 1 700