Былы палітзняволены Павел Севярынец, які правёў за кратамі больш за 11 гадоў і быў дэпартаваны з Беларусі, пачынае жыццё ў выгнанні з нуля. Ён плануе аднавіць публічную дзейнасць, выдаць кнігі і запусціць YouTube-канал – і просіць падтрымкі.
Мяне завуць Павел Севярынец. Я пісьменнік, мастак, палітык. Быў затрыманы 7 чэрвеня 2020 года і 5,5 гадоў правёў у турме, а агулам за кратамі адбыў больш за 11 гадоў.
У Беларусі я выдаваў уласныя кнігі (у мяне іх 14) і займаўся грамадска-палітычнай дзейнасцю. Пасля таго, як 13 снежня 2025 года я быў прымусова вывезены з Беларусі без дакументаў, мая сям’я пакінула ўсё і паехала за мной. Цяпер мы ўсе разам у Вільні чакаем афармлення дакументаў.
Пасля раптоўнага вызвалення і дэпартацыі, апынуўшыся за мяжой, я працягваю верыць у лепшую будучыню Беларусі. Таму – вырашыў працягваць дзейнасць. Планую стварыць і развіваць ютуб-канал, які будзе інфармаваць беларусаў пра падзеі ў Беларусі і свеце, выпусціць серыю ролікаў па гісторыі і менталітэце беларусаў, гуртаваць і падтрымліваць беларусаў за мяжой. Апроч таго, у зняволенні я напісаў чарнавікі для некалькіх кніг, якія праз лісты родным перадаў на волю. Хачу апрацаваць іх і паступова выдаваць.
Каб здзейсніць усё запланаванае і аднавіць дзейнасць, мне патрэбная вашая падтрымка. Наша сям’я вельмі ўдзячная арганізацыям і людзям, якія ўжо дапамаглі нам з выдаткамі на першыя патрэбы і медыцыну, але пачаць публічную дзейнасць практычна з нуля за мяжой цяжка. Патрэбна набыць абсталяванне для запісу відэа, закласці сродкі на выданне кніг, запуск ютуб-канала і вытворчасць ролікаў.
Калі актыўныя і творчыя беларусы за мяжой будуць вымушаныя перабівацца падпрацоўкамі і выдаткоўваць увесь свой час, каб зарабіць на кавалак хлеба, мы згубім будучыню Беларусі. Лукашэнка выкідвае за мяжу самых здольных і крэатыўных, калі ж мы будзем падтрымліваць адно аднаго, і кожны будзе мець магчымасць рабіць для Беларусі тое, што найлепш умее, мы адбудуем Беларусь нашай мары.
Фота: Віялета Саўчыц
Сума збору
€7000
Абсталяванне: камера, гук – €800; святло – €200
Частковае пакрыццё друку кнігі турэмных малюнкаў, вершаў і выслоўяў – €2500
Развіццё ўласнага Youtube-каналу – €1000
Арганізацыя прэзентацый кніг у Літве, Польшчы і Украіне – €1000
Выраб серыі ролікаў па гісторыі і менталітэце беларусаў – €1500
