Падтрымка будаўніцтва вялікай альтанкі для беларускага экахутара на Падляшшы

  • Гісторыя

Праект MROJA – гэта ініцыятыва стварэння беларускага экахутара на Падляшшы, месца для адпачынку і сустрэч беларусаў у эміграцыі. Камандзе патрэбна падтрымка на будаўніцтва вялікай альтанкі для тых, хто прыязджае, пакуль ідзе асноўная будоўля, каб беларусы маглі наведаць хутар ужо ў гэтым сезоне.

Мяне завуць Сяргей Гунь. Мы з маёй дзяўчынай Наташай арганізавалі ініцыятыву MROJA, якую просім падтрымаць.

Я былы палітзняволены, і, вымушана апынуўшыся ў эміграцыі, разумею, што не ведаю, калі атрымаеца вярнуцца дадому ў Беларусь. Шмат хто з нас таксама жыве у эміграцыі і сумуе па доме, па сваіх мясцінах.

Маё мінулае жыццё было звязана з музыкай і культурнымі мерапрыемствамі. Потым я захапіўся ідэяй экавёскі, навучыўся будаваць і мантаваць лазні, але мяне пасадзілі, і ў той час мара засталася марай. Цяжкасці эміграцыі, немагчымасць вярнуцца ў Беларусь і сустрэча з Наташай натхнілі мяне зноў вярнуцца да сваёй мары.

Мы з Наташай вырашылі пабудаваць на Падляшшы сваю «Беларусь», у якую можна прыехаць на некаторы час. Пасля ўсяго, што адбылося з нашым жыццём, нам захацелася стварыць такое месца, дзе нам і іншым беларусам можна ненадоўга расслабіцца і зноў адчуць цяпло, спакой і адчуванне дома.

Недалёка ад беларускай мяжы, на Падляшшы, мы купілі стары хутар у лесе і хочам ператварыць яго ў прастору для беларусаў – месца, куды можна прыехаць, перавесці дух, пабыць сярод сваіх, аднавіцца пасля турмы, эміграцыі, вайны, страты дома і бясконцага напружання апошніх гадоў.

Мы марым, каб тут з’явіліся маленькія гасцявыя домікі, прастора для сустрэч, рэтрытаў, культурных падзей, лазня, майстэрня, альтанка.

Мы бачым гэты экахутар як месца сілы для беларусаў. Каб праект мог жыць далей самастойна, частка домікаў будзе здавацца звычайным гасцям і турыстам, а былыя палітзняволеныя і добраахвотнікі будць прыязджаць сюды бясплатна.

Працэс ужо пачаўся. Большую частку працы мы робім сваімі рукамі. Мы ўжо ўклалі ў гэты хутар усе свае асабістыя сродкі, сілы і час. Але далей без фінансавай падтрымкі нам не справіцца.

Пакуль цёплы сезон, будзем старацца паспець выканаць асноўныя працы. Аднак мы хочам, каб людзі маглі прыязджаць ужо зараз – пакуль лета. Мы вырашылі пабудаваць у першую чаргу вялікую альтанку, дзе госці могуць праводзіць цэлы дзень, пакуль яшчэ вядуцца працы па стварэнні экавёскі.

Калі вам блізкая ідэя праекта MROJA – вы можаце дапамагчы нам пабудаваць нашу «Беларусь», куды можна прыехаць як сабе дадому.
Дзякуй кожнаму, хто падтрымае наш праект! ❤️

Сума збору
€5000

Сабрана:
€ 10 з 5 000